Перабор?

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа (г. Віцебск) зноўку парадаваў аршанскага гледача спектаклем на сцэне гарадскога цэнтра культуры ўвечары 14 верасня. Поўная зала, якая сабралася, нягледзячы на заўважна недастаткова актыўную і яркую рэкламу падзеі, выразна сведчыла пра тое, што тэатральнае мастацтва ў Оршы вельмі чакаюць. І хаця атмасфера вечара мала нагадвала атмасферу сапраўднага тэатра: шмат хто з гледачоў не здымаў курткі, боль­шасць прыйшла сюды ў паўсядзёных джынсах, святочнасць – толькі ў натхнёных чаканнем спектакля вачах, не знайшлося ніякіх праграмак… Але ж таленавітым, прызнаным акцёрам коласаўскага тэатра на працягу двух дзеянняў прэм’ернага спектакля ўдалося сцерці ўсе ўмоўнасці і перанесці гледачоў у іншае – мастацкае – вымярэнне і іншую прастору: дзеянне адбывалася ў туманным Лондане, а палове першай ночы…

У першай сцэне звяртае на сябе ўвагу лёгкая, гуллівая музыка, велічэзны ложак пасярод дэкарацый утульнай кватэры і мужчына ў споднім і расхрыстанай рубашцы – няйнакш палюбоўнік, які выбягае ў спальню нярвова выпіць віскі… Жанр спектакля і прырода глядацкага смеху такім чынам акрэсліваюцца адразу. Тыповая, але таленавітая бульварная, гратэскная «камедыя палажэнняў» «Перабор» («Паміж небам і зямлёй, паміж жыццём і смерцю») (рэжысёр-пастаноўшчык Міхась Краснабаеў) па п’есе аўстрыйскага аўтара Херберта Бергера дастаткова папулярная ў сучасным тэатры, у тым ліку Расіі. Прычым, пэўна, заўсёды сцэнаграфія і касцюмы атрымліваюцца надзычай падобнымі; рэжысёры спрабуюць ставіць камедыйныя эратычныя сцэны, разлічваючы на аднолькавую вядомую рэакцыю гледачоў – дасціпная п’еса, разлічаная на поспех у сучаснага масавага гледача. Сюжэт цяжка пераказаць, не блытаючыся ў «любоўным

Сцэна са спектакля

пяцікутніку»: Філ «круціць раман» з суседкай, калі вяртаецца дадому зарана яе муж-сіцыліец, – кемліваму Філу прыходзіцца назваць сябе палюбоўнікам уласнай жонкі (пад імем свайго лепшага сябра Боба Джэксана), вымушаным пераско­чыць з балкона на балкон, бо там, у суседняй кватэры, таксама муж вярнуўся з каман­дзіроўкі загадзя; а ў гэты час у суседняй кватэры жонка Філа ў чарговы раз сумняваецца, ці развітацца назаўсёды з палюбоўнікам Бобам Джэксанам, які, калі Філ вяртаецца дадому, прагнаны ад сусе­дзяў, сапраўды пераскоквае з балкона на балкон, і, такім чынам, яшчэ адзін Боб Джэксан у адным споднім аказваецца ў кватэры суседзяў – ну, гэта ўжо перабор!.. Творчасць Бергера часам характэры­зуюць «фантасмагарычнасцю», «іррэаль­насцю», але, падаецца, нічога падобнага пастаноўкі, у тым ліку віцебскага тэатра, не дасягаюць: п’еса з масай варыяцый на тэму «барадатых» анекдотаў пра мужа, які загадзя і не ў час вяртаецца з камандзіроўкі, палюбоўніка ў шафе, страчаныя шкарпэткі і г. д. не дазваляе тэатралам «разгарнуцца», стварыць моцнае дзеянне, якое пакідала пэўнае ўстойлівае культурніцкае ўражанне, а не проста стварала б вясёлы вечар. Бо сапраўды спектакль разлічаны на адзін прагляд і забываецца адразу ж пасля выхаду з залы, яшчэ нядаўна перапоўненай шчырым і часам сарамлівым смехам. І калі такі вынік нармальны для іншых тэатраў, ад акадэмічнага чакаеш іншага. Чакаеш куды больш моцнай пастаноўкі, якая наогул наўрад ці магла б атрымацца з п’есы, шукаць у якой нейкія дадатковыя, акрамя анекдатычных сэнсаў, накшталт крытыкі «сціплага абаяння» сучаснай «буржуазіі» ці заяўленай тэатрам філасофіі: у кожнага ёсць свая мара і свае спосабы яе дасягнення, – наўрад ці патрэбна: яны страчваюцца, блякнуць за анекдатычнасцю сітуацый, якія, варта аддаць належнае драматургу, змяняюцца ў неўтаймаваным рытме! Мараль канцоўкі спрэчная: дзеля шчасця, кахання і душэўнага спакою лепш падманвацца, «паве­рыць у шпіёнаў» (з п’есы), заплюшчыць вочы на сямейную здраду… Аўтар не кажа пра дараванне, прабачэнне, раскаянне – толькі пра неабходны самападман… Спектакль сканчваецца нібыта шчасліва для двух сямейных пар – суседзяў па кватэрах: у кожнай сям’і – абдымкі, прызнанні ў каханні… Аднак невядома, як працягвалася б гэтая гісторыя: хутчэй за ўсё, у наступны зручны момант усё з вялікай верагоднасцю можа паўтарыцца… Добра, што ў анекдотах працяг не прадугледжаны…

Акрамя дасціпнага гумару, радуюць у п’есе Бергера цікавыя кемлівыя персанажы – адзі­нае, пэўна, з чым ёсць магчымасць эксперыментаваць падчас пастаноўкі, ствараючы на дэталях і тонкасцях новыя і новыя вобразы! Гэтая акалічнасць – тое, што, бадай, можа апраўдаць выбар тэатрам ім. Я. Коласа п’есы «Перабор»: атрымаўся выразна акцёрскі спектакль, а акцёры-коласаўцы заўсёды на вышыні! Хаця і ім, адчувалася, цесна ў выразаных з анекдотаў вобразах, але камедыю выцягнулі менавіта яны – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова, Георгій Лойка, Наталля Аладка і Павел Давыдоўскі. І калі ад п’есы, гэтай пастаноўкі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра ім. Я. Коласа засталося нават нейкае расчараванне, нечаканае такое, як у падманутага мужа, у пэўным сэнсе, то, назіраючы за вельмі добрай акцёрскай гульнёй, сапраўды хочацца «паверыць у шпіёнаў», і вось ужо з натхненнем чакаеш наступнай сустрэчы з тэатральным мастацтвам і менавіта з любімым аршанскімі гледачамі віцебскім тэатрам ім. Я. Коласа!

Наталля Дашкевіч.

Добавить комментарий