ПАЖАРНУЮ БЯСПЕКУ – НА АСАБЛІВЫ КАНТРОЛЬ

На чарговым пасяджэнні прэзідыума Аршанскага гарадскога Савета дэпутатаў разглядалася пытанне стану пажарнай бяспекі і мер па яе паляпшэнні ў Оршы, Барані, г.п. Балбасава.

Выпрацаваць сумесныя прафілактычныя мерапрыемствы, якія дапамогуць змяніць сітуацыю з пажарамі ў лепшы бок, – менавіта такую задачу ставілі перад сабой дэпутаты пры абмеркаванні гэтай актуальнай праблемы. Каб работа ў дадзеным напрамку атрымалася больш эфектыўнай, на пасяджэнне запрасілі начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Васіля Чэкана і супрацоўнікаў Аршанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях.

У апошні час, па словах галоўнага спецыяліста інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду ГРАНС Алега Шачанка, сур’ёзнай праблемай сталі пажары на аб’ектах дзяржаўнай і калектыўнай маёмасці. Так, з пачатку года зарэгістравана дзевяць пажараў, якія пазбавілі жыцця шэсць чалавек. Занепакоены выратавальнікі і забеспячэннем пажарнай бяспекі на аб’ектах з масавым і кругласутачным знаходжаннем людзей, дзе назіраецца нізкі працэнт абсталявання аўтаматычнай пажарнай сігналізацыяй.

Старшыня гарсавета дэпутатаў Людміла Дабрыніна звярнула ўвагу на тое, што не трэба забываць і пра суб’екты дробнага і сярэдняга бізнесу, дзе таксама не ўсё гладка з пажарнай бяспекай.

Па гэтым пытанні таксама выступілі старшыня Баранскага выканаўчага камітэта Васіль Русакоў, намеснік старшыні пасялковага выканаўчага камітэта г.п. Балбасава Ларыса Суравіцкая.

Урэшце, прэзідыум Аршанскага гарсавета дэпутатаў пастанавіў пры-знаць прафілактычную работу па папярэджанні пажараў недастатковай, а адпаведным службам у кароткія тэрміны выправіць недахопы і вырашыць арганізацыйныя моманты, напрыклад, па падрыхтоўцы праекта рашэння “Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб умовах і парадку правядзення штогадовага агляду супрацьпажарнага стану жылых дамоў у Оршы, Барані, г.п. Балбасава”, правядзенні вучобы членаў назіральных камісій, маніторынгаў устаноў адукацыі, а таксама правесці праверку аўтаномных пажарных сігналізацый і г.д.

Людміла Дабрыніна звярнулася да дэпутатаў з просьбай працаваць у гэтым накірунку ў акругах больш актыўна, асаблівую ўвагу надаваць уласнаму сектару, а начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Васіль Чэкан дадаў: “Калі размова ідзе пра пажарную бяспеку, кожны з нас павінен быць прынцыповым і адказным, бо ад нашых дзеянняў часам залежаць жыцці лю-дзей”.

Настасся ТУРОК.

Добавить комментарий