Пакаленню будучага

Напярэдадні галоўнага свята краіны свой чарговы дзень нараджэння адзначылі супрацоўнікі кампаніі мабільнай сувязі МТС. У адпаведнасці з традыцыяй гэта арганізацыя ажыццявіла цыкл акцый, прысвечаных дабрачыннасці. З гэтай нагоды начальнік аддзела продажу цэнтра абслугоўвання абанентаў, што па вуліцы Леніна, 73, Аляксандр Цікар і прыехаў у Аршанскі гарадскі радзільны дом з ёмістай скрыняй падарункаў.

Віншаваць і сапраўды было каго. На дзень незвычайнага візіту ў сценах медустановы з’явіліся на свет 12 хлопчыкаў і дзяўчынак – будучых грамадзян краіны Беларусь. З пачатку года гэта амаль 700 дзетак. Зусім хутка Ілья, Паліна, Ян, Мацвей, Даніла, Уладзіслаў, Арцём і тыя немаўляткі, што на момант нараджэння яшчэ не мелі імёнаў, вырастуць і, як гаворыцца, “стануць на крыло”. У іх жыцці будзе шмат розных цікавых падзей, а вось пра самую першую – ім раскажуць матулі, якія, апрача падарункаў сыночкам і лапачкам-дочкам, атрымалі сім-карты МТС. На тварах гэтых прыгожых аршанак са здымка – шчаслівыя ўсмешкі. Хутка дамоў, дзе іх з нецярплівасцю чакаюць родныя і блізкія. Адметна, што ў дзевяці з дванаццаці матуль – другія роды, у двух – першыя і ў адной матулечкі – трэція. Адна з парадзіх – фельчар хуткай дапамогі Ірына Сямашка (на здымку) у чэрвені нарадзіла другую дачку. Па сцвярджэнні загадчыцы медустановы Іны Крачак: “Роды прайшлі паспяхова. Да таго ж, Ірына і сама пад час дзяжурстваў на “хуткай” не аднойчы прымала роды”. Ну, а дома нованароджаную Палінку чакае старэйшая сястрычка Ганначка, і сёння там ідуць апошнія прыгатаванні да радаснай сустрэчы.

Як расказаў Аляксандр, адпаведныя акцыі “Аператар новых пакаленняў” былі праведзены ва ўсіх населеных пунктах, дзе размешчаны ўласныя офісы кампаніі, у тым ліку і ў Оршы. Сярод аб’ектаў дабрачыннасці дзіцячыя і радзільныя дамы, іншыя сацыяльныя аб’екты Віцебшчыны. Сёння паслугамі МТС тут карыстаюцца 940 тысяч абанентаў, а дзякуючы праведзеным мерапрыемствам у гэтыя чэрвеньскія дні іх спіс папоўнілі яшчэ 300 новых карыстальнікаў.

Самая галоўная каштоўнасць любой нацыі – дзеці. Ад імя шматлікай арміі нашых чытачоў мы жадаем юнаму пакаленню аршанцаў шчаслівай і паспяховай будучыні.

Ліна ГАТОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

На здымку: намеснік загадчыцы медустановы раддома Людміла Бірукова (злева), загадчыца Аршанскага радзільнага дома Іна Крачак (справа), Аляксандр Цікар (у цэнтры) разам з матулямі.

Добавить комментарий