Кіруючыся жыццёвай мудрасцю

У сацыяльным магазіне ЗАТ “Мяркам” №10, што па вуліцы Першамайскай, падчас адкрыцця пакупнікоў нямнога. Як сцвярджае загадчыца гандлёвай кропкі Валянціна Каваленка, асноўны іх пік прыходзіцца на 10-12 гадзін. З 25 чэрвеня, пачатку работы сацыяльных магазінаў, якія прызначаны абслугоўваць пенсіянераў пры прад’яўленні пенсійнага пасведчання, паслугі тут атрымалі каля 200 аршанцаў.

Сямідзесяцідвухгадовая Раіса Аляксееўна Грышанава (на здымку) наведала сацыяльны магазін упершыню. Азнаёміўшыся з цэнамі на прадукты харчавання, жанчына прыйшла да высновы, што такая паслуга дазволіць істотна зэканоміць яе пенсійны бюджэт. Напрыклад, масла сметанковае тут каштуе 4280 рублёў, малако 3,2% тлустасці – 1680 рублёў, рыс – 5940 рублёў, каўбаса аршанская новая, вараная – 12270 рублёў і г.д. З ёю пагаджаецца і Вольга Міхайлаўна Малахава, якая наведвае сацыяльны магазін штодзень. Малочныя прадукты, хлебабулачныя вырабы, крупы, вараныя каўбасы – вось сціплы пералік харчовага кошыка пенсіянера. Асартымент магазіна абедзвюх жанчын задавольвае. Апрача малочных прадуктаў, яны купляюць тут тушонку, каўбасныя вырабы, а таксама іншую прадукцыю аршанскіх і віцебскіх вытворцаў. Улічваючы, што на парозе перыяд закатак, пенсіянеркі набываюць расліннае масла, на соль і цукар, як, дарэчы, і на іншыя тавары, у сацыяльным магазіне ажыятажу няма.

У магазіне “Пасад” КТПУП “Орша-Сервіс” з 8 да 12 гадзін сацыяльнае абслугоўванне гэтай катэгорыі грамадзян ажыццяўляецца з 5% скідкай ад агульнай пакупкі. У сталовай №1, што ў раёне прадпрыемства “Оршабудматэрыялы”, падчас сацыяльнага абслугоўвання на ранішнікі і абеды для пенсіянераў дзейнічае 30% скідка. Чэргі адсутнічаюць. Па інфармацыі з месцаў: аналагічная сітуацыя і на іншых сацыяльных аб’ектах горада.

… Добразычлівасць і ўраўнаважанасць сталых аршанак выклікае павагу. А інакш і быць не можа. У біяграфіі такіх, як яны, – гады добрасумленнай працы, а сярод духоўных набыткаў – жыццёвая мудрасць, якой так не хапае сёння многім з нас.

Ліна ГАТОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий