ЖНІВО – СУР’ЁЗНАЕ ВЫПРАБАВАННЕ

Галоўным пытаннем чарговага пасяджэння райвыканкама, у рабоце якога прыняў удзел намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Іван Фёдараў, стала падрыхтоўка сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна да сёлетняй уборачнай кампаніі.

“Часу на раскалыхванне ў нас няма, – з такіх слоў пачаў выступленне старшыня райвыканкама Уладзімір Дзедушкін. – За работу трэба брацца ўжо сёння. Неабходна ўважліва аднесціся да кожнага моманту жніва: забеспячэння тэхнікай, укамплектавання механізатарскімі кадрамі, вырашэння пытанняў з гарачым харчаваннем, кантролю за бяспекай аховы працы і г.д.”.

Па словах начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі, першага намесніка старшыні райвыканкама Андрэя Канстанцінава, на Аршаншчыне ўборку зерневых неабходна правесці на плошчы больш чым 37 тысяч гектараў і атрымаць валавы збор зерня 167420 тон.

У сёлетнім жніве 146 зернеўборачных камбайнаў выйдуць на палі Аршаншчыны. Таксама будуць працаваць 92 зернеачышчальныя машыны і 16 сушыльных комплексаў, 28 асобных сушылак. Дарэчы, да пачатку ўборачнай кампаніі ў раёне плануецца дадаткова ўвесці яшчэ чатыры зернесушыльныя комплексы, што дазволіць павялічыць магутнасць сушыльнай гаспадаркі на 1600 тон у суткі.

Старшыня райвыканкама паставіў перад аграрнікамі задачу да 1 ліпеня паставіць усю сельскагаспадарчую тэхніку на лінейку гатоўнасці, вырашыць пытанне ўкамплектаванасці камбайнаў двума вопытнымі механізатарамі і завяршыць рамонтныя работы сушыльнай гаспадаркі, каб жніво можна было распачаць у адпаведныя тэрміны і правесці яго на высокім узроўні.

Настасся АЛЯКСАНДРАВА.

Добавить комментарий