Першыя тоны зімовых запасаў
На ранак 6 чэрвеня па Аршанскім раёне травы першага ўкосу былі скошаны з плошчы 4923 гектары, што складае 32% да планавага задання. З плошчы 3134 га нарыхтавана 577 тон сена і 23748 тон сенажу. У пераводзе на кармавыя адзінкі ў агульнай колькасці гэта складае 6923 тоны кармоў. Па першым укосе траў на Аршаншчыне лідзіруюць: ААТ “Птушкафабрыка Аршанская”, ААТ “Аршанскі райаграсэрвіс”, ААТ “Задроўе”, ААТ “Роскі Сялец” і іншыя.
Прадпрыемству ААТ “Юбілейны” (кіраўнік – А. Фірсін) пасля далучэння да яго гаспадаркі СВК “Купалаўскі” трэба нарыхтаваць на зімовастойлавы перыяд 17 тысяч тон сенажу і 777 тон сена. З першымі чэрвеньскімі росамі тут ужо распачалі масавую нарыхтоўку кармоў (глядзіце здымак) – касавіцу траў на сена і сянаж. Галоўны аграном гаспадаркі Яўген Васільевіч Вацура паведаміў наступнае:
– Травы ўжо дасягнулі неабходнай спеласці, і цяпер трэба своечасова закласці іх на захоўванне. Першыя тоны зімовых запасаў ужо закладзены. Пакуль што гэта 2200 тон сенажу з вільготнасцю 55% і 70 тон сена. З кожнай гадзінай гэтыя лічбы мяняюцца ў бок росту, бо занятыя на касавіцы траў механізатары стараюцца рацыянальна выкарыстаць кожную хвіліну спрыяльных па ўмовах надвор’я чэрвеньскіх дзён. На полі канюшыны з цімафееўкаў плошчай больш за 160 га, што за Сідараўскім пераездам, у пятніцу былі задзейнічаны на адвозцы 13 адзінак тэхнікі, тры падборшчыкі і тры адзінкі грабляў. Адладжаны рытм працы людзей і механізмаў перарываўся толькі на абед і падвячорак, калі на аб’ект прывозілі гарачую ежу. Кароткі перапынак – і па полі зноў імкліва рухаецца тэхніка, а травяныя валкі знікаюць літаральна на вачах. Скошаная маса падбіраецца і пасля здрабнення адвозіцца ў сянажныя траншэі, дзе з выкарыстаннем неабходнай тэхналогіі закладваецца на зіму сакавіты корм.
Рабочы дзень у занятых на касавіцы распачынаецца а шостай гадзіне раніцы і завяршаецца ў 22 гадзіны вечара. Эканаміст па працы гэтага прадпрыемства Аляксандр Пятровіч Нікіцін адзначыў:
– Прадпрыемства забяспечвае работнікаў і спецыялістаў, занятых непасрэдна на нарыхтоўцы кармоў звыш за 10 гадзін у дзень, двухразовым бясплатным харчаваннем. У мэтах узмацнення матэрыяльнай зацікаўленасці работнікаў, занятых на нарыхтоўцы кармоў, забеспячэння высокай якасці і скарачэння тэрмінаў уборкі прымяняецца здзельна-прэміяльная аплата працы. На варашэнні і зграбанні травы і сена – у памеры 150%, на іншых аперацыях па нарыхтоўцы кармоў – у памеры 100% тарыфнай стаўкі. За якасць выкананых работ аграрыям устаноўлена павышаная аплата да здзельнага заробку ў наступных памерах: “выдатна” – 80%, “добра” – 40%. Павышаная аплата і прэміраванне не праводзяцца пры адзнацы “здавальняюча”. Падставай для налічэння павышанай аплаты за якасць выкананых работ з’яўляецца адзнака галоўнага агранома, або агранома, які ажыццяўляе непасрэдны кантроль за выкананнем работ. Такім правам валодаюць таксама дырэктар сельскагаспадарчага прадпрыемства, яго намеснікі і галоўныя спецыялісты. Матэрыяльнае стымуляванне прадугледжана таксама за перавыкананне зменных нормаў выпрацоўкі. Прэміраванне вадзіцеляў устанаўліваецца ў памеры 50%. Аплата працы механізатараў, занятых на трамбоўцы і разраўноўванні кармоў, пачасова-прэміяльная.
Дарэчы, механізатарам, якія адначасова займаюцца трамбоўкай і разраўноўваннем кармоў, расцэнкі павялічваюцца на 20%. Немалаважна, што прэмія работнікам, занятым непасрэдна на нарыхтоўцы кармоў, выплачваецца пасля атрымання лабараторнага аналізу якасці кармоў пасля здачы і апрыходвання кармоў і пры наяўнасці акта аб выніках аналізу. Прэміраванне пры нарыхтоўцы кармоў 1 класа ажыццяўляецца ў памеры 45%, а пры нарыхтоўцы кармоў 2 класа – 20%. Пазбаўленне прэміі на 100% чакае работнікаў, якія знаходзіліся на рабочым месцы ў нецвярозым стане, за крадзеж дзяржаўнай маёмасці, за выкананне работ з адзнакай “здавальняюча” і г.д.
Адметна, што кожны з занятых на корманарыхтоўчых работах можа пацікавіцца сваім дзённым заробкам у галоўнага агранома. Напрыклад, механізатары, якія адвозяць зялёную масу, зарабляюць у дзень па 250 тысяч рублёў. Выкарыстоўваючы стымуляванне рублём і празрыстасць пры налічэнні заробку, на прадпрыемстве атрымліваюць адпаведныя вынікі: механізатары не збаўляюць узяты тэмп работ, што спрыяе высокай вытворчасці працы.
Ліна Гатоўская.
Фота аўтара.