ФЕСТЫВАЛЬ НАРОДНАЙ МУЗЫКІ
Учора ў горадзе Паставы Віцебскай вобласці прайшло ўрачыстае адкрыццё ХIV Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”, які аб’яднаў звыш за 600 чалавек. Свята будзе праходзіць да 5 чэрвеня.
Удзельнікамі фестывалю сталі аматарскія ансамблі народнай музыкі, інструментальныя групы, фальклорныя калектывы, індывідуальныя выканаўцы на народных інструментах у складзе дэлегацый Мінска і абласцей Беларусі і замежных краін – Ізраіля, Казахстана, Кітая, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Чэхіі, Украіны. Музычныя творы ў выкананні ўдзельнікаў прадставяць практычна ўсе напрамкі інструментальнага фальклору.
У праграму фестывалю ўваходзіць конкурс выканаўцаў на народных музычных інструментах “Хто каго?”, гульнёвая праграма “Вечар у Паставах”, выстава народных мастацкіх рамёстваў і промыслаў “Горад майстроў”, тэатралізаванае прадстаўленне “Музыка беларускіх палацаў і сядзіб”, музычна-забаўляльная праграма “Пастаўскі баль”, гала-канцэрт і іншыя тэматычныя і культурна-масавыя мерапрыемствы.
Падрыхтавала
Анжэла КАРАЛЁВА.