Беражыце мову

Яшчэ на пачатку 2009 года спецыялісты ЮНЕСКА аднеслі беларускую мову да моў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Менавіта таму мы, сучаснікі, апынуліся адказнымі за тое, каб захаваць і перадаць у будучыню роднае слова.

Вяртанне цікавасці грамадства да кнігі на беларускай мове, да чытання – актуальная тэма. У рамках правядзення акцыі “Чытаем па-беларуску” бібліятэкары Крапівенскай мясцовай бібліятэкі Ірына Пучкова і УА “Крапівенскі ДВПК д/с-СШ” Святлана Лабацэвіч наведалі Крапівенскі дзіцячы садок, дзе правялі мерапрыемства пад назвай “Бабуліны гасцінцы” і расказалі пра непаўторнае хараство беларускай мовы.

Дзеці з задавальненнем слухалі цікавую гісторыю складання беларускіх народных казак, адгадвалі загадкі і ўдзельнічалі ў гульнях. Выхаванцы дзіцячага садка азнаёміліся з кнігамі новых беларускіх аўтараў. Такая цёплая сустрэча не абышлася без пачастункаў. Гасцінцамі для дзяцей ад бібліятэкараў сталі пернікі.

Наша мілагучная беларуская мова, як і народная песня, мае багатую душу, яна, як стрыжань, нанізвае на сябе ўсе адценні народных традыцый і культуры Беларусі, у якіх мінулае і будучыня. Таму, калі ты беларус, любі, шануй і беражы родную мову, каб жыў беларускі народ і квітнела наша нацыя сёння і заўтра.

Анжэла ШУРДУКОВА.

Добавить комментарий