Вясковыя клопаты

Яшчэ толькі тае снег пад цёплымі промнямі сакавіцкага сонейка, а ў Пішчалаўскім сельскім Савеце будуюць планы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, і сёе-тое ўжо зроблена.

Жаданне старшыні сельсавета Таццяны Ждановіч як мага хутчэй распачаць работы па навядзенні парадку на зямлі зразумелае. Сёлета, а дакладней, 14 ліпеня спаўняецца 70 год, як ля вёскі Пі­шчалава Аршанскага раёна батарэя ракетных мінамётаў пад камандаваннем капітана І. Флёрава зрабіла першы ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны залп па нямецка-фашысцкіх захопніках і пачала свой пераможны шлях гераічная “Кацюша”. З гэтай нагоды свята будзе абавязкова, у вёску прыедуць госці, і трэба зрабіць усё магчымае, каб сустрэць іх на высокім узроўні.

Прыгатаванні да гэтай па­дзеі вырашана пачаць з добраўпарадкавання як самога памятнага знака, так і прылягаючай да яго тэрыторыі, дзе ў дадатак да цвяточных клумб і каляровай альтанкі вырашана зрабіць яшчэ і сантэхнічныя пабудовы.

Трэба адзначыць, што на працягу сёлетняй зімы ля мемарыяла па загаду старшыні сельсавета расчышчаўся снег, і гэта зрабіла яго даступным для шматлікіх наведвальнікаў, у тым ліку маладых у час вяселля, якія не забывалі ўскладаць кветкі да абеліска.

Яшчэ адным папулярным месцам і сярод мясцовых жыхароў, і сярод прыезджых стала крынічка на беразе ракі Пачапіца ў в. Барадзіно. А пачалося з таго, што яе асвяціў у гонар іконы Казанскай Божай Маці айцец Аляксандр – былы настаяцель царквы Ражства Хрыстова, што знаходзіцца на прывакзальнай плошчы ў Оршы. Потым добрыя лю­дзі ўстанавілі там невялікую капліцу, пабудавалі купельку, прыладзілі лавачкі, пасадзілі кветкі. Часта прыбіраюць гэта святое месца Клаўдзія Пуранкова, Наталля Сянчыла і іншыя вяскоўцы. Летась там право­дзілася мерапрыемства “Свята вёскі Барадзіно”, выступалі самадзейныя артысты.

Увогуле, жыццё ў Пішчалаўскім сельсавеце таксама кіпіць. Хутка, 26 сакавіка, жыхары вёсак прымуць удзел у агульнараённым веснавым суботніку. З гэтай нагоды ва ўсіх сельскіх установах плануецца правесці ўборку памяшканняў. Вядуцца перамовы з шэфамі – Аршанскім камбінатам будаўнічых канструкцый і дэталей РУП “Белтрансбуд” аб выкананні запланаваных на сёлетні год работ па вырубцы дзікарослых кустарнікаў і ўладкаванні агароджы на цэнтральных вуліцах у вёсках Пішчалава і Гадавічы. Вялізныя надзеі ўскладаюцца на дэпутата Пішчалаўскага сельсавета Віктара Кавалевіча – начальніка Мажэеўскага лесагадавальніка, які ўзяў на сябе абавязацельствы па забеспячэнні кветкавай расадай месц агульнага карыстання, у тым ліку брацкай магілы воінаў, загінуўшых тут у час Вялікай Айчыннай вайны, Памятнага знака “Кацюшы”. Хадайнічае сельскі Савет і аб тым, каб сёлета заасфальтавалі вул. Лясную ў в. Пішчалава, вырашылі просьбы сяльчан па пракладцы да іх сядзіб водаправодаў.

Зразумела, што ўсе праводзімыя работы арганізоўвае старшыня сельсавета Таццяна Рэанальеўна Ждановіч. Яна з’яўляецца галоўным натхняльнікам добрых спраў, умее згуртаваць людзей на выкананне тых ці іншых задумак, сама ва ўсім з’яўляецца прыкладам. Родам яна з гэтых мясцін, сэрцам прыкіпела да роднай зямлі. Хоць і прыйшлося ў маладосці разам з мужам – былым ваенным – паездзіць па свеце, але малая радзіма ўсё роўна “перацягнула” да землякоў, да іх утульных хат, вясковых садоў. Тут Таццяна падняла на ногі сваіх дзяцей, сем год працавала бухгалтарам у Пішчалаўскім сельскім Савеце, апошнія восем год старшынствуе. Яна поўная энергіі і жадання справіцца з намечанымі планамі, якія скіраваны на паляпшэнне дабрабыту людзей.

Людміла ЦІМАШКОВА.
Фота аўтара.

На здымку: старшыня Пішчалаўскага сельскага Савета ля крыніцы ў в. Барадзіно.

Добавить комментарий