Каб сувязь пакаленняў была непарыўнай

Данесці да маладога пакалення подзвіг салдат, якія адстаялі Перамогу над ворагам, на прыкладзе жыцця і дзейнасці воінаў навучыць любіць сваю краіну, зацікавіць гістарычным мінулым, адным словам, паказаць моладзі тое пакаленне людзей, якія сапраўды заслугоўваюць павагі, – з’яўляецца галоўнай задачай патрыятычнага выхавання вучняў Зубрэвіцкага ДНПК д/с-СШ.

Патрыятычнаму выхаванню ва ўстанове адукацыі надаюць асаблівае значэнне. У школе перыядычна праходзяць тэматычныя вечары, класныя гадзіны, урокі мужнасці, арганізуюцца экскурсіі па гістарычных месцах. У адным з класаў школы аформлены ваенны вугалок, дзе можна ўбачыць разнастайныя прадметы гадоў Вялікай Айчыннай вайны, знайсці цікавую літаратуру.

Адным з напрамкаў работы ўстановы адукацыі з’яўляецца арганізацыя дзейнасці піянерскай дружыны (узначальвае І. Марозава). Вучні пастаянна аказваюць дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і працы, не забываюць віншаваць іх са святамі. Дружыннікі даглядаюць помнік загінуўшым воінам у гады Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Дубраўка, а таксама помнік расстралянай яўрэйскай сям’і ў Панізоўі.

Піянерская дружына школы носіць імя мясцовай жыхаркі (вёска Панізоўе), партызанскай сувязной Марыі Шачыкавай, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны пасля трохдзённых пытак была расстраляна немцамі, так нічога і не сказаўшы пра партызан. Магіла гераіні знаходзіцца ў вёсцы Панізоўе. Дарэчы, у школе яшчэ вучыцца праўнук Марыі Шачыкавай Іван Франкоў. Часта наведваецца ва ўстанову адукацыі сын партызанскай сувязной Іван Іванавіч Рымша, які традыцыйна прымае дзяцей у піянеры.

Настаўнік гісторыі В. Раманенка сумесна з вучнямі право­дзіла пошукавую работу звестак пра жыхароў Зубрэвіцкага мясцовага Савета, якія загінулі ці зніклі бясследна пры вызваленні Еўропы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Больш за ўсё землякоў загінула, як было ўстаноўлена, пры вызваленні Усходняй Прусіі (14 чалавек). Германскі плен прайшлі пяцёра жыхароў мясцовага Савета, зніклі бясследна 95 чалавек.

Сабрана багата інфармацыі пра партызанскую брыгаду “Чэкіст”, якая дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Аршанскага раёна, а таксама Шклоўскага, Бялыніцкага, Круглянскага, Талачынскага, Лепельскага, і ўсклад якой уваходзіла нямала жыхароў Зубрэвіцкага мясцовага Савета. Напрыклад, Клюшнікаў, Масюраў, Шчарбакоў, Кантроўскія. У маі 1942 года з атрадаў Г. Кірпіча і І. Буланава было сфарміравана “Аб’яднанне партызанскіх атрадаў”. У чэрвені 1942 года дадзенае аб’яднанне атрымала назву “Брыгада “Чэкіст”. Узначальваў яе старшы лейтэнант Герасім Кірпіч, які таксама быў расстраляны немцамі. Партызаны брыгады вялі баі з ворагам, уратоўвалі мясцовых жыхароў ад вывазу на катаржныя работы ў Германію, праводзілі аперацыі на чыгунках Мінск-Орша, Орша-Магілёў. У чэрвені 1943 года брыгада, у склад якой уваходзіла 7 атрадаў і налічвалася 800 партызан, стала называцца Шклоўскай ваенна-аператыўнай групай.

Зразумела, што сумесная праца настаўнікаў і вучняў па аднаўленні гістарычнага мінулага свайго мясцовага Савета дапамагае звязаць у адзінае цэлае розныя пакаленні людзей, іх чалавечы подзвіг і няпростае жыццё. Сваіх герояў-землякоў вучні Зубрэвіцкага ДНПК д/с-СШ ведаюць добра. І няма сумнення, што праўдзівы расказ пра неўміручы подзвіг дзядоў і прадзедаў, якія выратавалі свет ад фашызму, адваявалі свабоду і незалежнасць сваёй Радзімы, будзе і надалей перадавацца з пакалення ў пакаленне.

Анжэла ШУРДУКОВА.

Добавить комментарий