Арт-група «Натхненне» заваявала Гран-пры Міжнароднага фестывалю-конкурсу «Сустрэчы-2018»
Удзельнікі арт-групы «Натхненне» пры ўзорным дзіцячым аднайменным хоры (кіраўнік Кацярына Вяткіна) не так даўно вярнуліся з Міжнароднага фестывалю-конкурсу «Сустрэчы-2018», які праводзіўся ў сталіцы нашай краіны.
Калектыў упершыню ўдзельнічаў у такім маштабным мерапрыемстве, дзе за перамогу змагаліся больш за 300 удзельнікаў з розных гарадоў не толькі Беларусі, а і замежжа. За гонар Віцебскай вобласці на пляцоўцы фестывалю ў намінацыях «Ансамблі» і «Салісты» выступалі юныя «зорачкі» з нашага горада. У першай намінацыі калектыў прадставіў сваё знакамітае папуры «Беларускі вянок», у другой – Арына Старасценка праспявала «Стану мацней», Ганна Шакуціна – «Тайна мая дзявочая».
– Безумоўна, мы вельмі хваляваліся перад удзелам у гэтым конкурсе, – расказвае мастацкі кіраўнік узорнага дзіцячага хору «Натхненне» Кацярына Вяткіна, – бо канкурэнцыя была вельмі жорсткай, а многія канкурсанты – пераможцы многіх міжнародных конкурсаў і фестываляў. У склад журы ўвайшлі заслужаная артыстка Беларусі Надзея Мікуліч, спявачка Улада, удзельніца дзіцячага Еўрабачання Вольга Сацюк.
Выступленні ўдзельнікаў з Оршы на Міжнародным фестывалі-конкурсе «Сустрэчы-2018» вельмі ўразілі членаў журы. Яны адзначылі, што ўсе кампазіцыі выконваліся ў даступнай, сучаснай апрацоўцы і ў той жа час не страцілі свайго нацыянальнага каларыту. Арт-група «Натхненне» пры ўзорным дзіцячым аднайменным хоры заваявала Гран-пры, а таксама спецыяльны прыз за захаванне нацыянальных традыцый. А вось выканаўцы Арына Старасценка ўзяла другое месца, Ганна Шакуціна – трэцяе месца фестывалю-конкурсу.
Міжнародны фестываль-конкурс «Сустрэчы-2018» напраўлены на захаванне і развіццё нацыянальных культурных традыцый народаў розных краін, прапаганду міру, сяброўства, братэрскіх адносін.
Нагадаем, узорны дзіцячы хор «Натхненне» пад кіраўніцтвам Кацярыны Вяткінай дорыць сваю творчасць гледачам амаль 20 гадоў. У калектыву больш за сотню перамог і дасягненняў рознага ўзроўню. Зараз у арт-групе «Натхненне» займаюцца каля 60 юных «зорачак».
Настасся ТУРОК.
Фота з архіва
К. Вяткінай.