Фотовыставка Дмитрия Ивченко открылась в Орше

“Што тут складанага – фатаграфаваць?” – спытаеце вы. Толькі і трэба: адкрыць аб’ектыў, прыцэліцца – і вось ужо вылецела “птушачка”. Тым больш, што сёння можна набыць лічбавы фотаапарат, які ўсё будзе рабіць за вас: наладжваць рэзкасць, кантраляваць успышку… Аднак любы прафесіянал адразу скажа, што правільна фатаграфаваць – вельмі складана, гэтаму нялёгкаму рамяству трэба доўга вучыцца. А майстэрства прыйдзе з практыкай.

У гэтым упэўнены і Дзмітрый Іўчанка, фотамастак і краязнаўца з Талачына, кіраўнік мясцовага відэаклуба. Выстава яго работ пад рамантычнай назвай “Вяртанне ў адвечнае” адкрылася ў Аршанскім музеі У. Караткевіча. Чым адметныя гэтыя фотаздымкі? Зроблены яны падчас падарожжаў, блізкіх і далёкіх. Выстава Дзмітрыя Іўчанкі – гэта прызнанне фотамастака ў любві беларускаму краю. Назва “Вяртанне ў адвечнае” – сімвалічная. Аўтар шмат вандраваў па свеце, бачыў Саяны, Карпаты, Крым.

Вачыма талачынскага фотамастака наведвальнікі могуць пабачыць патухлы вулкан Карадаг і вадаспад Джур-Джур, захад над Карпатамі і спакой Крымскіх гор. А вось старая раскідзістая сасна пазірае з вышыні гары на маленькія домікі ўдалечыні. Вельмі ўражвае фотаздымак “Каля воблачнага мора”: пад промнямі ласкавага залатога сонейка пушыстыя аблокі купаюцца ў сонных хвалях. Каля пейзажа “Пасярод сусвету” сапраўды пераносішся ў нейкае іншае вымярэнне, дзе спыніў свой бег гадзіннік і дзе пануюць цішыня і спакой.

Побач са здымкамі з далёкіх падарожжаў – беларускія пейзажы. Вось мы бачым родны горад Д. Іўчанкі з вышыні птушынага палёту, на наступным кадры начное талачынскае неба размалявана рознакаляровымі фарбамі навагодняга салюта. Фотаздымак “Рыбалка ў ранішнім тумане” так і кліча выбрацца за горад. І нават каля марознага пейзажа “Зімовая казка” становіцца ўтульна, бо адчуваеш: на Радзіме і зіма не такая лютая, і сонца больш ласкавае і цёплае.

Кожны наведвальнік зможа параўнаць і вырашыць, дзе лепей: у роднай Беларусі ці ў далёкіх заморскіх краінах. Фотавыстава Дзмітрыя Іўчанкі “Вяртанне ў адвечнае” будзе працягвацца да 4 сакавіка.

Марына СЯМАШКА.

Добавить комментарий