Начальник ЖЭУ-8 Барани стал «Человеком года Витебщины»

У працоўным калектыве ЖЭУ-8 Анатоль Віктаравіч Гаеўскі карыстаецца бездакорным аўтарытэтам, як, дарэчы, і сярод калег, кіраўнікоў – камунальнікаў Оршы. У ліку лепшых прадстаўнікоў сацыяльна-эканамічнай сферы вобласці Анатолю  Гаеўскаму  было прысвоена пачэснае званне “Чалавек года Віцебшчыны”. Інакш і быць не можа, бо начальнік жыллёва-эксплуатацыйнага ўчастка Барані па прыступках службовай лесвіцы падымаўся нетаропка, але ўпэўнена. У гэтай службе ён з 1973 года: слесар, брыгадзір, майстар, намеснік начальніка ЖЭУ. З 1985 года па сённяшні дзень – начальнік камунальнай службы гэтага невялікага, прыгожага горада, вуліцы якога Анатоль Віктаравіч вывучыў, нібы школьную табліцу множання.

Скептык, хутчэй за ўсё, усміхнецца, маўляў, дваццаць пяць гадоў на пасадзе начальніка ЖЭУ  – не такі ўжо і вялікі клопат. Аднак, я ўпэўнена, многія пагадзяцца са мной:  слова “камуналка”  ўвасабляе ў сабе  безліч нявырашаных праблем і пытанняў, на якія нават у Анатоля Гаеўскага  не заўсёды знаходзяцца адказы. Напэўна, па гэтай прычыне скроні Анатоля Віктаравіча заўчасна кранула срэбрам сівізна.

Падначалены яму калектыў у 250 чалавек з годнасцю выконвае ўскладзеныя на яго абавязкі, каб у жыхароў Барані было як мага менш нараканняў на працу камунальнікаў. Ужо сёння тут па даручэнні старшыні гарвыканкама Мікалая Лісоўскага распачаты работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі  горада, нарошчваюцца тэмпы работ па прадастаўленні платных паслуг насельніцтву, за кошт уласных сродкаў  ажыццяўляецца рамонт гарадской маёмасці. Намаганнямі работнікаў ЖЭУ праводзіцца ямачны рамонт дваровых тэрыторый і іншае. З наступленнем цеплых дзён пачнецца падрыхтоўка горада да асенне-зімовага перыяду 2010-2011гг.

Руцінная праца камунальніка для Анатоля Віктаравіча Гаеўскага – справа звыклая. Мне здаецца, ён ужо не ўяўляе сябе па-за колам штодзённых клопатаў, тым больш, што і дома жыве работай: разам з жонкай Галінай Васільеўнай, майстрам аварыйна-аднаўленчай службы ЖЭУ-8,  кожны вечар аналізуюць мінулы дзень, паступіўшыя звароты грамадзян, шукаюць выйсце з праблемных сітуацый. Зараз абодва ўздыхнулі з палёгкай: ацяпляльны сезон амаль завершаны, а зна-чыць, мінуў і асабліва трывожны перыяд. Распавядаючы пра калектыў і камунальныя справы, начальнік ЖЭУ неаднойчы рабіў акцэнт на ўсебаковым узаемаразуменні і падтрымцы з боку Бараньскага гарвыканкама.

У рэдкія выхадныя Анатоль Віктаравіч  амаль не пакідае горад, на выпадак, калі ўзнікне пазаштатная сітуацыя, ён заўсёды на месцы. А вось  летам адпачынак заўсёды стараецца браць у чэрвені, каб  правесці яго на пасецы. Заядлы пчаляр, у сваім захапленні  –  прафесіянал. Гэтаму карыснаму рамяству ён навучыў многіх і нават  адну жанчыну – Тамару Адамаўну Русакову. Двое дарослых дзяцей камунальнікаў  Гаеўскіх  абралі ў жыцці свае дарогі. Сын Аляксандр, трэнер па лёгкай атлетыцы, жыве з сям’ёй у Віцебску. Дачка Таццяна, настаўніца замежнай мовы – па месцы службы мужа ў горадзе Гродна. У прафесійнае свята работнікаў камунальнай гаспадаркі сем’і сына і дачкі, у якіх падрастаюць трое ўнучак, абавязкова павіншуюць бацькоў, каб пажадаць ім  плённай працы, моцнага здароўя і поспеху на жыццёвым шляху.

Л. ГАТОЎСКАЯ.

Добавить комментарий