У Крапівенскай бібліятэцы прайшла сустрэча да Дня роднай мовы
“Пагавары са мной на мове, на нашай роднай, не чужой…”, – радкамі з верша Пімена Панчанкі пачалося ў Крапівенскай сельскай бібліятэцы мерапрыемства, прысвечанае Дню роднай мовы.
На свята завіталі вучні 7 і 8 класаў Крапівенскай школы разам з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Н. Вараб’ёвай. Бібліятэкар узгадала гісторыю яго ўзнікнення і паведаміла, што ў свеце каля шасці тысяч моў, але, на жаль, полова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Беларуская мова прайшла доўгі гістарычны шлях, на якім былі як часы росквіту, так і часы заняпаду. Вядомы нават такія перыяды, калі яна ледзь зусім не знікла, але нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнана як роўная сярод іншых моў свету.
Удзельнікі мерапрыемства разам с бібліятэкарам чыталі вершы, у якіх паэты выказвалі сваю любоў да Радзімы і роднай мовы: “Як ты дорага мне, мая родная мова!” Ніла Гілевіча, “Калі ласка” Петруся Броўкі, “Родная мова, цудоўная мова” Уладзіміра Дубоўкі, “Родная мова” Максіма Танка.
Затым усім жадаючым было прапанавана прайсці курс “Красамоўства”, які складаўся з цікавых заданняў, падрыхтаваных па кнізе У. Мазго “Старонкі з моўнай скарбонкі”. Скорагаворкі, перакруткі, прастамоўе і зарадка для эрудытаў – такія заданні выконвалі навучэнцы курсаў. Яны вельмі страліся, і ў іх амаль усё атрымалася. Выдатнікі зачыталі верш “10 запаведзяў для беларусаў», аўтарам якіх з’яўляецца Віктар Швед. І, вядома, якое свята без гульняў: вучні адгадвалі народныя жартоўныя загадкі і гулялі ў гульню “Кот у мяшку”.
Беларусы вядомы сваімі рамёствамі далёка за межамі краіны, і зараз усё больш увагі надаецца адраджэнню забытых традыцый. З гэтай нагоды ўдзельнікі мерапрыемства паглядзелі мультфільм “Выцінанка-выразанка”, які пазнаёміў іх з народным майстэрствам і мудрасцю беларусаў.
І. ПУЧКОВА,
бібліятэкар Крапівенскай сельскай бібліятэкі.