В Оршанском районе подвели итоги соревнования молодых животноводов

Падведзены вынікі раённых спаборніцтваў сярод маладых жывёлаводаў за 2010 год, якія штогод праводзіць аддзел па справах моладзі, упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, Аршанская раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Алену Хачкову, аператара па вырошчванні парсючкоў-ад’ёмышаў віншуюць старшыня раённай арганізацыі прафсаюза АПК Віктар Мурашка і начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Ала Лаута

Алену Хачкову, аператара па вырошчванні парсючкоў-ад’ёмышаў віншуюць старшыня раённай арганізацыі прафсаюза АПК Віктар Мурашка і начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Ала Лаута

На мінулым тыдні начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Ала Лаута і старшыня раённай арганізацыі прафсаюза АПК Віктар Мурашка павіншавалі пераможцаў і ўручылі ім Ганаровыя граматы і каштоўныя падарункі – DVD-плэеры.

З прыемнай місіяй накіроўваемся ў ДП “СГЦ “Задняпроўскі”, дзе працуе аператар па вырошчванні парсючкоў-ад’ёмышаў Алена Хачкова. Маладая дзяўчына вельмі расхвалявалася і засаромелася, калі да яе прыехалі госці. А вось калегі наадварот прыняліся наперабой расказваць пра Алену, яе адказнае стаўленне да працы. На прадпрыемстве яна толькі трэці год, але і гэтага часу было дастаткова, каб зразумець: яна правільна абрала прафесію. “Маленькія парсючкі – гэта ж тыя самыя дзеці, – расказвае аператар Алена Хачкова, – ім неабходна пяшчота, увага, любоў. Калі ты да іх з усёй душой і сэрцам, то гэтыя маленькія “пятачкі” ласцяцца да цябе, а бывае, што і су­муюць без цеплыні тваіх рук”. Аператар па вырошчванні парсючкоў дасягнула сярэднясутачнай прывагі на адкорме адной галавы маладняку па замацаванай групе 437 грамаў. Захаванасць парсюкоў склала 95,6%.

Аляксандр Бакачоў, аператар па адкорме свіней

Аляксандр Бакачоў, аператар па адкорме свіней

У намінацыі “Аператары па абслугоўванні свінаматак з парсючкамі” лепшы вынік паказала таксама аператар ДП “СГЦ “Задняпроў­скі” Вольга Еліна. Выхад прыплоду на адну асноўную свінаматку склаў 10,2 галавы, захаванасць прыплоду да адымання – 97,4%.

Яшчэ адзін пераможца спаборніцтваў, Аляксандр Бакачоў, працуе на ААТ “Агракамбінат “Юбілейны”. Ён удзель­нічаў у намінацыі аператараў па адкорме свіней, атрымаўшых найбольшую сярэднясутачную прывагу адной галавы і не знізіўшых паказчыкі да ўзроўню 2009 года. У Аляксандра атрымалася дасягнуць сярэднясутачнай прывагі на адкорме 568,5 грама, а захаванасць свіней склала 98,8%.
Аляксандр у лідэрах не ўпершыню і лічыць, што такіх паказчыкаў можна дабіцца напружанай, штодзённай працай.

Ірына Дзярабіна, аператар машыннага даення

Ірына Дзярабіна, аператар машыннага даення

Накіроўваемся ў СВК “Роскі Сялец”, дзе працуе аператар машыннага даення Ірына Дзярабіна. За мінулы год удой на адну карову ў яе склаў 5277 кілаграмаў, прырост да ўзроўню 2009 года – 1265 кілаграмаў.
Працоўны дзень маладой даяркі пачынаецца задоўга да ўзыходу сонца, а заканчваецца, калі на двары стаіць цемра. Але да такога працоўнага дня Ірына даўно прывыкла, бо прафесію сваю любіць, як і сваіх каровак. Прызнаецца, што быць лепшай нялёгка, бо гэта накладвае асаблівую адказнасць. Заўсёды трэба быць прыкладам для іншых, а памыляцца і сорамна. У Ірыны Дзярабінай трое дзетак. Старэйшыя сыны – першыя маміны памочнікі па гаспадарцы. Пакуль Ірына на рабоце, яны і хатнюю жыўнасць дагле­дзяць, і работу дома ўсю зробяць, ды яшчэ і на ферму прыйдуць дапамагчы. Дарэчы, у пераможцах даярка ўжо другі раз і спадзяецца, што і сёлета яна дасягне не меншага выніку, чым у мінулым годзе.

Н. АЛЯКСАНДРАВА.

Добавить комментарий