Уменне чуць прыроду
Такім дарам валодае таленавіты разьбяр па дрэве, жыхар Копысі Андрэй Мікалаевіч Чыгіраў. Як філасофскі разважае сам майстар, на працу яго заўсёды натхняе прырода, а дакладней, багаты раслінны свет беларускай зямлі. Яго незвычайныя, вельмі цікавыя работы, у якіх прысутнічае нешта ад язычніцтва, егіпецкіх сфінксаў, нікога не пакідаюць раўнадушнымі.
Яшчэ да школы ён захапіўся маляваннем, а крыху пазней, класе ў чацвёртым, упершыню трапіўшы ў майстэрню гуртка разьбы па дрэве, хлопчык адчуў ні з чым непараўнальны водар дрэва. Гэта акалічнасць праз некалькі гадоў і вырашыла далейшы лёс будучага майстра: выпускнік мастацкага вучылішча Андрэй Чыгіраў усур’ёз заняўся разьбой па дрэве. У Магілёве, дзе раней жыў і працаваў разьбяр, добра ведаюць яго творчасць, аднак лёс склаўся так, што нейкі час таму ён пераехаў на пастаяннае месца жыхарства ў найпрыгажэй-шы куточак Аршаншчыны – Копысь. Андрэй Мікалаевіч у поўным захапленні ад пасёлка:
– Месца тут выдатнае! Столькі самых розных дрэў навокал. Раней я працаваў пераважна з ліпай і дубам, а цяпер выкарыстоўваю ў рабоце і вярбу, бо яна пластычная і мяккая. Не горшыя па структуры ясень і бяроза. Калі палю ў печы, то раз-пораз адкладваю ўбок тое ці іншае палена, каб потым штосьці з яго выразаць. У кожнага дрэва – свая структура і свой характар, і перш чым прыступіць да работы, я заўсёды слухаю: на якую сцежку-дарожку яно мяне накіруе.
За два гады жыцця ў Копысі Андрэй Мікалаевіч зрабіў многае. Даведаліся пра таленавітага разьбяра і ў Оршы, адразу запрасіўшы прыняць удзел у пленэры драўлянай скульптуры, прысвечанай 65-годдзю Вялікай Перамогі. Праз нейкі час Чыгіраў быў залічаны ў спіс майстроў Аршанскага гарадскога Дома рамёстваў. Сёння тут адкрыта экспазіцыя твораў майстра, якая зацікавіць кожнага, бо, напэўна, не знайсці чалавека, які б не захапляўся вырабамі з дрэва.
Майстар-філосаф Андрэй Чыгіраў – надзвычай цікавы субяседнік. Ён творца не толькі ў рабоце, але і ў гутарцы. Андрэй Мікалае-віч сцвярд-жае, што паміж ім і дрэвам існуе нябачная сувязь, дзякуючы якой ён і вызначае сваю будучую работу. Асабліва па душы мастаку вобраз жанчыны. Дарэчы, на выставе ў пераважнасці прадстаўлены работы менавіта гэтага накірунку. Майстар нічога не плануе наперад. На яго думку, ідэя, а потым і назва твора прыхо-дзіць сама па сабе. Пастаянны працэс пошуку суправа-джае разьбяра па ўсім жыцці, і не так важна, будзе твор зроблены адным узмахам сякеры, або справа прадоўжыцца шмат часу: работа акрыляе, натхняючы на новыя планы. А яны ў Андрэя Чыгірава вялікія.
Ліна ГАТОЎСКАЯ