Складальнік беларускай спадчыны
Якое вялікае багацце дараць нам нашы паэты-землякі. Які сэнс укладаюць у свае творы. Шмат з іх з’яўляюцца нацыянальнай каштоўнасцю, спадчынай, якая перадаецца і будзе перадавацца новым пакаленням яшчэ многа стагоддзяў.
Адзін з такіх творцаў – усім вядомы Уладзімір Караткевіч. На вялікі жаль, пражыў наш зямляк нямнога. Яго творы “Ладдзя роспачы”, “Зямля пад белымі крыламі”, “Каласы пад сярпом тваім”, “Дзікае паляванне караля Стаха” і іншыя ведаюць і дарослыя, і дзеці.
З нагоды 80-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча ў Крапівенскай сярэдняй школе быў праведзены тыдзень беларускай мовы і літаратуры, прысвечаны творчасці пісьменніка. У гэтыя дні вучні стваралі сценгазеты, пісалі сачыненні, удзельнічалі ў літаратурных віктарынах. Падчас тыдня актыўна вяла сваю дзейнасць інфармацыйная група. Члены групы расказвалі малодшым школьнікам пра жыццё і творчасць Ула-дзіміра Караткевіча, чыталі яго вершы. На працягу ўсяго тыдня вучні актыўна прымалі ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія арганізавалі для іх настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Н. Марозава і Н. Вараб’ёва. Па выніках тыдня самыя актыўныя ўдзельнікі атрымалі падзякі і невялікая падарункі.
Выніковым мерапрыемствам стала экскурсія ў музей Уладзіміра Караткевіча, што ў Оршы, а яшчэ вучні пабывалі каля помніка пісьменніку і дома, у якім жыў майстар слова.
Дзякуючы падобным мерапрыемствам, у нашай памяці назаўсёды застануцца вялікія імёны сыноў беларускай зямлі.