Аб’яўлены конкурс для аматараў творчасці Караткевіча
«Орша – мой родны горад, мая спрадвечная маці…” – так называецца гарадскі конкурс творчых работ на лепшую прэзентацыю твораў У. С. Караткевіча аб Оршы. Напярэдадні юбілею горада яго аб’явілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзел адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама, Аршанскі музей У. С. Караткевіча і літаратурнае аб’яднанне Аршаншчыны “Дняпроўскія галасы”.
Конкурс праводзіцца па творах У. С. Караткевіча: раман “Чорны замак Альшанскі”, эсэ “Рша камен…”, верш “У горадзе без тралейбусаў…”. Выбіраць пераможцаў будуць у пяці намінацыях. Удзельнікі могуць падрыхтаваць тэатралізаванае прадстаўленне (працягам да 15 хвілін); напісаць верш ці эсэ, зняць буктрэйлер (відэаролік не даўжэй за дзве хвіліны) ці зрабіць прэзентацыю, падрыхтаваць ілюстрацыю.
Удзельнікамі могуць быць асобныя грамадзяне, творчыя калектывы, навучэнцы ўстаноў адукацыі Оршы. Для ўдзелу ў конкурсе неабходна накіраваць заяўку з указаннем імя і прозвішча аўтара ці ўдзельнікаў творчага калектыву, месца працы ці вучобы, назвы творчай работы.
Заяўкі на удзел разам з творчымі работамі прымаюць да 15 мая ў Аршанскім музеі У. С. Караткевіча па адрасу: вул. У. Леніна, д. 26 ці па электроннай пошце muzejkaratkevicha@yandex.by. Тэлефоны для даведак: 51-18-49, 53-35-59.
Конкурс праводзіцца ў адзін тур з 6 лютага да 15 мая 2017 года. Падвядзенне вынікаў адбудзецца 20 чэрвеня 2017 года.
Палажэнне аб конкурсе: Мой родны горад