Быў. Ёсць. Будзе!
У год 80-годдзя з дня нараджэння беларускага класіка быў аб’яўлены літаратурны конкурс і праведзены віктарыны, прысвечаныя аўтару “Зямлі пад белымі крыламі”. Надышоў час падвесці вынікі. У аўторак у музеі Ул. Караткевіча былі названы пераможцы.
Аршанцам былі прапанаваны дзве віктарыны. Першая складалася з пытанняў пра жыццёвы і творчы шлях песняра. Другая выклікала найбольшую цікавасць, бо калісьці яе склаў сам настаўнік Уладзімір Сямёнавіч для сваіх вучняў. Адказаць на гэтыя пытанні аказалася не надта лёгка нават філолагу. Дыпломы пераможцаў “Віктарыны ад Караткевіча” атрымалі: вучні 10 класа ДАСШ №9 Настасся Міклашэўская, Кацярына Новікава, Генадзь Карага, Антон Астаповіч, Настасся Лаўрэнюк (кіраўнік – Наталля Міхновіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры); Алена Крыклівец; Святлана Завадская; вучні 10 класа Запольскай сярэдняй школы-сада Настасся Рэхцік, Марына Пабыліца, Яўгенія Сідзіна (кіраўнік – Алена Сідзіна, настаўнік гісторыі). У гарадской віктарыне “Быў. Ёсць. Буду.” перамаглі вучні 9 “Б” класа ДАСШ №9 Ірына Салоніна, Настасся Берастава (кіраўнік – Наталля Міхновіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры).
За ўдзел у літаратурным конкурсе дыпломы атрымалі Марыя Дзмітранок, кіраўнік клуба паэзіі “Лотас” дзіцячай гарадской бібліятэкі імя У. С. Караткевіча, Мар’яна Шамалава – кіраўнік школы паэзіі “Лотас” Аршанскага дзяржаўнага цэнтра дзіцячай творчасці, Ігар Пашчанка.
Падчас цырымоніі ўзнагароджвання Святлана Прыстаўка, член клуба паэзіі “Лотас”, прачытала верш-прысвячэнне Ул. Караткевічу. У нядзелю на вечарыне “Промні побач з ладам” пакарыў прысутных сваёй -абаяльнасцю і непасрэднасцю Назар Шамалаў.
Марына СЯМАШКА