Камбайны ў полі: на Аршаншчыне пачалося жніво
Адным з першых у Аршанскім раёне прыступіў да ўборкі ўраджаю філіял “Цяплічны” РВП “Віцебскэнерга”. У поле выйшлі чатыры экіпажы камбайнераў. Пяць адзінак тэхнікі задзейнічана на адвозцы зерня. У гэтыя дні ідзе напружаная праца на палетках каля вёскі Рамальдава.
“Пачаліся залатыя дзянёчкі, – гаворыць дырэктар Павел Фаміноў. – Хлеб паспеў добры, і наша агульная справа – своечасова яго ўбраць. Праўда, сёлета прырода крыху ўнесла карэктывы. Пасля стыхіі палегла 15-20 працэнтаў хлеба. Камбайнерам прыходзіцца праявіць усё сваё майстэрства, каб страты зерня былі мінімальныя”.
Усяго ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве “Цяплічны” неабходна ўбраць 338 га азімай пшаніцы, 244 га – ячменю, 134 га – зернебабовых культур. Плануецца, што і ўраджайнасць будзе не ніжэй мінулагодняй – не менш 40 ц/га.
Для высокай арганізацыі работы на жніве ў філіяле “Цяплічны” РВП “Віцебскэнерга” створаны ўсе неабходныя ўмовы. Вялікая ўвага надаецца пытанням аховы працы, пажарнай бяспекі, харчавання.
Надзеі на сёлетняе жніво ў аграрыяў вялікія. Яны прыкладуць усе намаганні, каб своечасова ўбраць хлеб з палёў, галоўнае, каб добрай працы і надвор’е заўсёды спрыяла.
Настасся ТУРОК.
Фото аўтара.