“Чаму беларусы не размаўляюць на беларускай мове?”

У нескладовае

Надрукаваўшы гэтую фразу, якая і стала назвай будучага артыкула, я адразу ж спынілася на думцы, што пытанне гучыць даволі абсурдна. Сапраўды, ніхто не запытае, напрыклад, у французаў, чаму яны не размаўляюць па-французску. Таму што яны размаўляюць. А мы – беларусы – ніяк не можам зразумець, што ў нас ёсць свая мова, і карыстацца менавіта ёй – правільна і неабходна. Уявіце сабе: толькі два працэнты беларусаў размаўляюць на беларускай мове ў паўсядзённым жыцці. Чаму ж у нашай краіне склалася такое становішча, пры якім мы не толькі не карыстаемся беларускай мовай, але, нават, не ўсе яе разумеем, і што з усім гэтым рабіць? Вось тэма нашай сённяшняй размовы з жыхарамі Аршаншчыны.

Ірына Пятроўна, прадавец:

– Як я магу свабодна размаўляць на беларускай мове, калі я яе практычна не вывучала? Разумець – разумею, а размаўляць – не. Атрымаўшы адукацыю яшчэ ў савецкі час, калі мы жылі ў адной вялікай краіне і мова ў нас была адна – руская, я прывыкла думаць па-руску, чытаць па-руску, размаўляць па-руску. Але, спадзяюся, што с цягам часу сітуацыя зменіцца, і наступнае пакаленне ўсвядоміць сябе беларусамі.

Максім, навучэнец УА “ДАСШ №12”:

– Я лічу, што сучасная беларуская мова не адпавядае патрабаванням часу. Па сутнасці, яна нагадвае пародыю на рускую. І не таму, што яна такая дрэнная, а таму, што даволі доўгі час яна знаходзілася “ў загоне”. А што з гэтым рабіць? Напэўна, спачатку прывесці яе ў адпаведнасць з рэальнымі ўмовамі жыцця, а затым адводзіць больш часу на яе вывучэнне ў школах і іншых установах адукацыі.

Мікалай Эдуардавіч, прадпрымальнік:

– Навошта яна мне? Мяне і так усе разу-меюць. Тым больш, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы, адна з якіх руская.

Людміла Анатольеўна, пенсіянерка, былы выкладчык беларускай мовы:

– А дзе яна, мова наша? Пройдзеш па вуліцы – рэдка-рэдка ўбачыш назву крамы ці прадпрыемства на беларускай мове. Усё па-руску, а то і па-англійску. Уключыш тэлевізар – дыктар паведаміць апошнія навіны на мове суседзяў. Аб чым тут можна казаць? А наконт таго, што з гэтым рабіць… Можна звярнуцца да вопыту іншых краін, напрыклад, літоўцаў, якія толькі напрыканцы мінулага стагоддзя сталі па-сапраўднаму ганарыцца мовай продкаў і карыстацца ёй як у паўсядзённым жыцці, так і ў якасці афіцыяльнай мовы краіны. І пачынаць трэба з моладзі. Прычым, не метадам “аглобляй па карку”, а паступова.

Асабістае меркаванне замест абагульнення:

Мы ўсе ведаем, як цяжка даюцца народу карэнныя змены ў жыцці. Таму і гэтую праблему трэба вырашаць паступова, пачынаючы, на мой погляд, яшчэ з дашкольнай адукацыі. А каб чалавек размаўляў на беларускай мове, каб ён лічыў яе роднай, неабходна толькі адно – трэба на ёй думаць, а не перакладаць думкі з рускай мовы на беларускія словы. Гэта значыць, што мы не зможам усе адразу загаварыць па-беларуску і забыць рускую мову, а вось дзетак навучыць – наш абавязак. І яшчэ. Міф аб тым, што беларуская мова цяжкая для ўспрыняцця мне неаднойчы даводзілася абвяргаць на ўласным вопыце падчас замежных вакацый – і палякі, і украінцы, і нават латышы разумеюць нашу мову. Таму гаворка аб тым, што гэтая мова “няправільная” – хлусня.

Даведка “АГ”: Беларуская мова прызнана ЮНЕСКА другой пасля італьянскай па меладычнай прыгажосці. Разам з тым, у пачатку 2009 года гэтая міжнародная арганізацыя ўнесла беларускую мову ў спіс моў, якім пагражае знікненне.

Святлана ЛАЎРУШКІНА

Добавить комментарий