На творчых скрыжаваннях

Добразычлівая, таленавітая, энергічная. Усе гэтыя словы родныя і знаёмыя адрасуюць Тамары Міхайлаўне Краеўскай, актывістцы Аршанскай раённай арганізацыі ветэранаў і народнага аматарскага аб’яднання “Зямны час”. Нядаўна гэтая абаяльная жанчына, выдатная паэтэса і складальніца песень адзначыла свой юбілей, які прайшоў у яркай, творчай атмасферы.

Члены нашай ветэранскай арганізацыі заўсёды з вялікай цікавасцю ўспрымаюць творчасць Тамары Міхайлаўны. Яе песні, простыя і пяшчотныя, кранаюць душу кожнага чалавека, бо расказваюць пра звычайныя і блізкія сэрцу рэчы – патрыятызм, родны край, прыроду, каханне і мацярынскія пачуцці. Не абышла ўвагай паэтэса і свой любімы горад, якому прысвяціла цэлую кнігу вершаў і песень. Гэта балада “Памяці батарэі Флёрава”, песні “Мой горад”, “Беларусь”, “Родны куточак”, “Песня пра маму”, “Ягадка вішнёвая”, “Рабінавы сум” і іншыя. Дарэчы, многія песні паэткі ўбачылі свет дзякуючы таленавітаму музыку Уладзіміру Кавецкаму.

Плённасць творцы радуе, нараджае ў душы асаблівы настрой, настройвае на пазітыўны лад. Напэўна, гэта спрыяе таму, што вакол Тамары Міхайлаўны заўсёды добразычлівая аура і шмат людзей, якія хінуцца да гэтай мілавіднай жанчыны з іскрыстымі вачамі. Хочацца адзначыць яшчэ адну рысу характару Тамары Краеўскай – яе трапяткія адносіны да матулі Валянціны Іосіфаўны. Тая ж, у сваю чаргу, уважліва сочыць за грамадскім жыццём дачкі, з’яўляючыся не толькі музай яе творчасці, мудрым дарадчыкам, але і строгім крытыкам. На сваім юбілейным вечары дачка прачытала верш, прысвечаны маці, а ад імя ветэранскай арганізацыі раёна Валянціне Іосіфаўне былі ўручаны кветкі. Не забылася юбіляр і пра сваю найлепшую сяброўку Ж. Сідзіну, адзначыўшы яе вернасць і надзейнасць.

Адметна, што ў мерапрыемстве з нагоды юбілею Тамары Краеўскай ахвотна прынялі ўдзел усе прысутныя, у тым ліку артысты мастацкай самадзейнасці ветэранскай арганізацыі, творчасць якіх вядома далёка за межамі раёна і вобласці. Сардэчныя віншаванні юбіляру адрасавалі З. Кісель і С. Худалееў, А. Казлоў і В. Вікулаў, А. Ветракоў і В. Храбрая, В. Ярома, І. Капцерава і многія іншыя. Музычнае афармленне мерапрыемства забяспечыў А. Хомчанка. Дзякуючы вечарыне таварышы па грамадскай дзейнасці даведаліся пра тое, што віноўніца ўрачыстасцей захаплялася складаннем вершаў з самага дзяцінства.

Тут, у бацькоўскай хаце, на адным з завулкаў Оршы некалі нарадзілася Тамара Міхайлаўна. Магчыма, на творчасць яе натхнілі кіпенню кветак прыгажуні-вішні, а можа, жоўтыя сонейкі дзьмухаўцоў, ад якіх нават сама зямля быццам ператваралася ў сонца. Аднак мары марамі, а працоўную біяграфію Тамара Міхайлаўна пачала з работы ў галіне гандлю. Скончыла тэхнікум савецкага гандлю, а затым завочна інстытут. Працавала ў родным горадзе, прайшла шлях ад прадаўца да таваразнаўцы гархарчгандлю. Сярод калег па працы яна заўсёды вылучалася рэдкай добразычлівасцю і міласэрнасцю.

Некалькі гадоў Тамара Міхайлаўна клапатліва даглядала свайго свёкра, інваліда першай групы. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак гэтая няўрымслівая жанчына не супакоілася. Выдатная гаспадыня, шмат увагі надае ўласным соткам, любіць кветкі і не перастае пісаць вершы і песні. Не зважаючы на тое, што ўсур’ёз занялася паэзіяй толькі два гады таму, Тамара Міхайлаўна ўжо напісала больш за 20 песень і запісала іх на два дыскі. А яшчэ разам з мужам выхавала двух добрых сыноў, радуецца траім унукам, стараючыся дапамагаць маладым сем’ям.

Марозным студзеньскім вечарам на сцэне Андрэеўшчынскага сельскага клуба панавала атмасфера цеплыні і творчасці. Тут было не змясціць усіх жадаючых выказаць словы шчырасці і прызнання поспеху Тамары Міхайлаўны.

Але нават самыя прыемныя хвіліны рана ці позна завяршаюцца. Яшчэ адна старонка з жыцця і дзейнасці нашых ветэранаў перагорнута, а гэта значыць, наперадзе новыя сустрэчы.

З. Хайчанка, старшыня раённага савета ветэранаў.

One thought on “На творчых скрыжаваннях

  • 27.03.2010 в 13:41
    Permalink

    Темa этa cтаpaя кoнeчно же, нo пpoчитaл с удoвольствием

Добавить комментарий