Хай жыве імя байкапісца!

У суботу 18 верасня ў скверы каля сярэдняй школы №15 г. Барані з’явілася новая алея. Яна была пасаджана з нагоды стогадовага юбілею Уладзіміра Іванавіча Корбана, імя якога з 2000 года носіць навучальная ўстанова.

Жыхары Барані свята берагуць памяць свайго знакамітага земляка. У СШ №15 створаны музей “Аршаншчына літаратурная”, значная частка экспазіцыі адведзена жыццю і творчасці Ул. Корбана. А зараз усе жадаючыя змогуць прайсціся па цудоўнай алеі з манчжурскага арэха. Такім чынам вучні адзінаццатых класаў СШ №15, №18 і гімназіі г. Барані, якія хутка разляцяцца, нібы птушкі, па ўсіх кутках Беларусі, вырашылі не толькі ўшанаваць памяць земляка, але і зрабіць падарунак свайму роднаму гораду. Разам са школьнікамі дрэвы саджалі былы галоўны рэдактар часопіса “Вожык” Павел Паўлавіч Саковіч, сённяшні галоўны рэдактар выдання Юлія Францаўна Зарэцкая, скульптар Міхаіл Пятровіч Канцавы, старшыня Баранскага гарвыканкама Васіль Архіпавіч Русакоў, пляменнікі Ул. Корбана, жыхары горада. Быў адкрыты і Памятны знак у гонар Уладзіміра Іванавіча. Размясціўся ён у самым сэрцы ўтульнага сквера, на алеі імя пісьменніка, пра што сведчыць надпіс на камні. На Памятным знаку ўсе наведвальнікі гэтай мясціны змогуць пабачыць і дош-ку з аўтографам Ул. Корбана: “Землякам баранцам з прывітаннем і ад шчырага сэрца”. Плануецца, што гэты камень у будучым стане падмуркам помніка знакамітаму сатырыку.

Пасля ўрачыстасцей каля сярэдняй школы №15 мерапрыемствы перамясціліся ў найпрыгажэйшы куток горада – сасновы парк. Тут да самага вечара праходзіла тэатралізаванае гарадское свята “Наш славуты зямляк”.

Марына СЯМАШКА

Добавить комментарий