Бульбы хопіць на ўвесь год!
У гэтым упэўнены на камунальным унітарным прадпрыемстве “Сельскагаспадарчая эксперыментальная база “Вусце”, дзе ў пагодлівыя вераснёўскія дні актыўна вядзецца нарыхтоўка другога хлеба – бульбы.
Штодзень на палях, занятых пад гэту сельскагаспадарчую культуру, з шасці гадзін раніцы да васьмі вечара працуюць тры камбайны і чатыры машыны на адвозцы. Арганізавана бесперабойная работа сартавальнага пункта, дзе працуюць больш за 40 чалавек. Актыўна дапамагаюць ва ўборцы бульбы працаўнікі РУП “Аршанскі авіярамонтны завод”, РПУП “Лёс”, мясцовыя жыхары.
Адпраўляюся на поле, дзе працуюць бульбаўборачныя камбайны. Здалёку бачна, як пад’язджае машына, якая паступова напаўняецца новым ураджаем гародніны. Трактарыст Пётр Саўкоў і яго памочнік Генадзь Папкоў працуюць на ўборцы бульбы ўжо тыдзень, але справа ідзе ў добра адладжаным рытме. Ураджай другога хлеба багаты, дробных клубняў мала, у асноўным уся бульба буйная.
На сартавальным пункце таксама ва ўсю кіпіць работа. Кіруюць працэсам аграном сельскагаспадарчай эксперыментальнай базы “Вусце” Ігар Баравікоў і загадчык бульбасховішча Святлана Анікеева. Яны даюць выдатную адзнаку сёлетняму ўраджаю другога хлеба. Ураджайнасць складае 220 цэнтнераў з гектара, што значна вышэй, чым у мінулым годзе. Усяго ў гаспадарцы плануецца ўбраць 180 гектараў бульбы такіх гатункаў, як “Скарб”, “Жывіца”, “Блакіт”, “Адысей”, “Архідэя” і інш. Дарэчы, усе жадаючыя могуць загатаваць бульбу на зіму ў э/б “Вусце” па 1260 рублёў за кілаграм.
Настасся ТУРОК
Фота аўтара