НАШЫ ЛЯЛЬКІ НА “СЛАВЯНСКІМ БАЗАРЫ”

Хто з дзяўчат у маленстве не давяраў самае патаемнае найлепшай сяброўцы-ляльцы? Свае таямніцы любіміцам па сакрэце расказваюць і дзве ўнучкі Людмілы Старавойтавай (на здымку). Але ж і дарослыя гуляюць у лялькі. Год таму Людміла Яўгенаўна, майстрыха Цэнтра народнай творчасці і рамёстваў Копысі, узяла ў рукі іголку і нітку, каб пашыць сваю першую красуню, і сёння на радасць дзецям і дарослым робіць вялікія поспехі.

IMG_6681

 

У народзе кажуць: без навукі і лапця не спляцеш. Але прыклад Людмілы Старавойтавай гэту прыказку з лёгкасцю аспрэчвае. Тонкасцям пашыву лялек і нацыянальных касцюмаў былы дыспетчар Аршанскай спецаўтабазы навучылася ўжо ў Цэнтры народнай творчасці і рамёстваў. Пасля знаёмства з калекцыяй Людмілы Яўгенаўны нібы вяртаешся з вандроўкі па Беларусі мінулых дзён. Цікава ўбачыць традыцыйныя касцюмы розных рэгіёнаў Беларусі ў мініяцюры.
Колькі ж карпатлівай працы трэба, каб на свет нарадзілася новая лялька! “Мы імкнемся захаваць старажытныя касцюмы, – апісвае працэс стварэння лялькі дырэктар Цэнтра Лілія Кухарэнка. – Напачатку вывучаем метадычную літаратуру, праглядаем старыя фотаздымкі, каб зрабіць копіі ўбораў. У гэтай справе нам дапамагаюць Аршанскі этнаграфічны музей “Млын” і Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”. “Размалёўваюць” палатно касцюмаў вышыўкай, выкарыстоўвае майстрыха і цясьму, якую вырабляе камбінат у Магілёве. Удыхнуць у ляльку жыццё дапамагае мастак.
У разгар лета прыгажунь і іх “маці” Людмілу Старавойтаву чакае паездка ў паўночную сталіцу Беларусі. У гэтыя выхадныя, 11-12 ліпеня, майстрыха з Копысі прыме ўдзел у абласным адкрытым свяце-конкурсе народнай цацкі і лялькі “Забава-2015” у рамках XXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Спецыяльна для гэтага свята рамеснікаў зямлячка падрыхтавала ляльку ў вясельным уборы.

Марына СЯМАШКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий