Лён любіць паклон
У рамках месячніка “Горад – вёсцы” працоўныя калектывы Оршы накіравалі сваіх прадстаўнікоў і тэхніку на льняныя палеткі Аршанскага, Дубровенскага і Талачынскага раёнаў.
Як паведамілі ў Аршанскім гарвыканкаме, працоўны дэсант гараджан аказвае дапамогу работнікам аграпрамысловага комплексу з канца жніўня. На 8 верасня ў Аршанскім раёне на льне было задзейнічана больш за 400 прадстаўнікоў гарадскіх прадпрыемстваў, арганізацый і навучальных устаноў, у тым ліку на палетках Арэхаўскага льнозавода працавалі 150 чалавек, а на супрацьлеглым канцы раёна, у Смальянах – 110. Найбольш шматлікімі з’яўляюцца працоўныя атрады з ільнокамбіната – больш за сто чалавек, гарадскога аддзела адукацыі і ўстаноў аховы здароўя – па 70 чалавек з кожнай галіны, а таксама 40 прадстаўнікоў з розных службаў гарвыканкама. У гэты дзень Дубровенскаму льнозаводу аказвалі дапамогу 190, а коханаўскаму – 170 гараджан.
Пастаўленую задачу – у сціслыя тэрміны сабраць з палёў вырашчаны ўраджай, аршанцы намераны выканаць аператыўна і якасна, тым больш, што надвор’е спрыяе палявым работам.
Ліна ГАТОЎСКАЯ