На школьных скрыжаваннях
Не зважаючы на праліўны дождж і халоднае надвор’е, да назначанага часу 1 верасня ў школы Оршы спяшаліся сотні вучняў, каб распачаць новы 2010-2011 навучальны год. Сёлета мілагучны школьны званок сабраў ва ўстановы адукацыі горада больш за 12 тысяч вучняў, з якіх больш за тысячу рабят – першакласнікі.
У гэты дзень у госці да вучняў гімназіі № 2 завіталі старшыня Аршанскага гарвыканкама Мікалай Віктаравіч Лісоўскі і начальнік гарадскога аддзела адукацыі Андрэй Уладзіміравіч Загурскі. Яны павіншавалі рабят з Днём ведаў, пажадалі ім поспехаў на школьных скрыжаваннях, а дырэктар установы адукацыі Людміла Віктараўна Марціновіч – веры і надзеі ў здзяйсненне запаветных мараў.
Як паведамілі ў гараа, 1-5 класы і выпускнікі будуць займацца ў першую змену. Пасля ўрокаў да патрэб вучняў – шматлікія гурткі і секцыі па інтарэсах, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі змогуць рэалізаваць свае здольнасці або збавіць час у школьнай бібліятэцы. Дарэчы, напярэдадні навучальнага года ўстановы адукацыі горада атрымалі сертыфікаты якасці. Работа школ ацэньвалася па сямі намінацыях, у тым ліку і на лепшую бібліятэку. Па адзнацы кампетэнтнай камісіі, лепшымі ва ўстановах адукацыі горада прызнаны бібліятэкі ДАСШ №20, гімназіі №1 і ДАСШ № 11. У намінацыі “Рамонт устаноў адукацыі” лепшымі вызначаны ДАСШ № 20, 13, 6, гімназія № 1, дзіцячы цэнтр развіцця дзіцяці, сацыяльна-педагагічны цэнтр і Цэнтр дзіцячай творчасці. Па добраўпарадкаванні самымі прыгожымі сталі ДАСШ № 20, 25, гімназія №1, дзіцячы дом, ДАСШ №12, 14, 16, дзіцячыя садкі № 15 і 39.
Не менш важнымі намінацыямі для калектываў устаноў адукацыі былі і конкурсы на лепшую метадычную, вучэбную і выхаваўчую работу. У гэтых накірунках вызначыліся наступныя ўстановы. Па метадычнай рабоце – ДАСШ №3 і дзіцячы цэнтр развіцця дзіцяці. Па вучэбнай рабоце – гімназія № 1 і ДАСШ № 13. Па выхаваўчай – ДАСШ №3. Адна з намінацый была прысвечана рабоце прафсаюзных арганізацый. Тут пальму першынства таксама заваявала ДАСШ №3.
Відавочна, што калектывы кожнай установы адукацыі зрабілі ўсё дзеля таго, каб у засваенні ведаў стварыць вучням спрыяльныя ўмовы.
ЛІНА Гатоўская
Фотки красивые. Молодцы! так держать!=)