УРАДЖАЙНЫ НАСТРОЙ
Да ўборкі рапса адкрытае акцыянернае таварыства “Роскі Сялец” прыступіла тыдзень таму. Гэту сельскагаспадарчую культуру аграрыям неабходна ўбраць з плошчы ў 162 гектары. Усе пагодлівыя дні ў полі працуюць 2 камбайны і адна адзінка тэхнікі на адвозцы.
Закіпела работа і на двух зернесушыльных комплексах: СКУ-10 і КЗС-16. Сушка рапса вядзецца ў двухзменным рэжыме. На гэтым участку працуюць вопытныя і адказныя спецыялісты. Дырэктар ААТ Уладзімір Мацвееў перакананы, што такім правераным кадрам можна давяраць. Аператары Сяргей Пульянаў, Міхаіл Даронін і іх памочнікі Аляксандр Баркоўскі, Уладзімір Бандураў працуюць на жніве не першы год. Да ўборачнай кампаніі рыхтаваліся загадзя, каб у самы адказны перыяд усё працавала, як трэба. Цяпер толькі паспяваюць прымаць рапс і высушваць яго да адпаведнай кандыцыі. Для аператыўнай работы на таку задейнічаны пагрузчык БМЕ-1650. На ім працуе механізатар Іван Сірачэнка. З дня на дзень на зернесушыльным комплексе рыхтуюцца прыняць і першае зерне з новага ўраджаю. Сёлета збожжавы клін ААТ “Роскі Сялец” складае 2300 га, з якога аграрыі плануюць атрымаць 8 тысяч тон хлеба. Ва ўборачнай кампаніі будуць задзейнічаны дзевяць камбайнаў і пяць адзінак тэхнікі на адвозцы. Як заўсёды, сваё надзейнае плячо падставяць шэфы – “УМ-90”. Сабраць ураджай у аптымальныя тэрміны і без страт – такая асноўная задача стаіць перад усімі працаўнікамі сяла, занятымі на жніве. У ААТ “Роскі Сялец” над яе выкананнем будзе працаваць згуртаваная каманда пад кіраўніцтвам дырэктара Уладзіміра Мацвеева. За штурвалы камбайнаў сядуць перадавікі вытворчасці, асы сваёй справы. Сапраўдны майстар-клас пакажуць камбайнеры Андрэй Коўзікаў (у свой час пераможца спаборніцтва сярод маладых экіпажаў і ўдзельнік рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Дажынкі”), Анатоль Пранаровіч, Сяргей Якубоўскі, малады механізатар Рыгор Бычкоў і іншыя. На адвозцы зерня будуць працаваць Сяргей Казарын, Мікалай Шульгін, Валянцін Шалуха, Мікалай Закрэўскі, Алег Лугаўскі. Для эканомнага выкарыстання паліва і часу арганізавана запраўка сельскагаспадарчай тэхнікі адразу на полі. За гэты ўчастак работы адказны вадзіцель-запраўшчык Уладзімір Карабіцкі. Ну, і якая ж напружаная праца ў полі з ранку да позняга вечара без сытнага абеду і вячэры. Пра харчаванне ўсіх занятых на жніве ў гаспадарцы паклапаціліся загадзя. Ва ўласнай сталоўцы повары Ірына Пранаровіч, Алеся Карабанава і Алеся Коўзікава распрацавалі спецыяльнае меню для хлебаробаў з разнастайных страў. Развозіць іх на мікрааўтобусе вадзіцель Віктар Яскевіч. – Хлеб сёлета паспеў добры, – гаворыць дырэктар ААТ “Роскі Сялец” Уладзімір Мацвееў. – Цяпер нам трэба прыкласці ўсе намаганні, каб своечасова яго ўбраць. Настрой у нас што ні на ёсць ураджайны, вось толькі з нябеснай канцылярыяй засталося дамовіцца, – жартуе Уладзімір Віктаравіч.
Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.