У Аршанскім раёне пачалі ўборку рапса
Адным з першых у барацьбу за ўраджай уступіла УСГП “Смальяны”. Аграрыям гаспадаркі неабходна ўбраць азімы рапс з плошчы 230 га, яравы – 150 гектараў.
У полі працуе пяць экіпажаў камбайнераў і дзве адзінкі тэхнікі на адвозцы. Галоўны аграном сельскагаспадарчага прадпрыемства Генадзь Міранцоў упэўнены, што пры добрых умовах надвор’я за два-тры дні ўсе работы будуць завершаны. Тым больш, на камбайнах і вялікагрузных машынах працуюць вопытныя спецыялісты, выпрабаваныя не адной уборачнай кампаніяй. Ёсць сярод іх і некалькі сямейных экіпажаў. За штурваламі двух “караблёў” бацькі – Сяргей Міронька і Міхаіл Дубавец, а побач з імі сыны – Міхаіл Міронька і Уладзімір Дубавец. На адвозцы рапса шчыруе сямейны экіпаж вадзіцеляў Карпушонкаў – Генадзя Мікалаевіча і сына Уладзіслава.
Пасля доўгага зімовага перапынку закруціліся справы і на зернесушыльным комплексе, дзе кіруе працэсам высакакласны спецыяліст – аграном-насеннявод Віктар Краўчонак. Сушылка працуе ў дзве змены, работа не спыняецца ні на хвіліну.
Працяг чытайце ў «АГ» №80 за 17 ліпеня
Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.
На здымку: (у цэнтры) галоўны аграном УСГП “Смальяны” Г. Міранцоў дае даручэнні экіпажам камбайнераў і вадзіцелям на адвозцы рапса.