Прэзентацыя кнігі Уладзіміра Караткевіча

Міраслаў Мамоніч, Настасся Сіяніна, Марыя Міхайлаўна Дзмітранок, Іна Пятроўна Байкова, Вольга Пашковіч

У музеі Уладзіміра Караткевіча ў суботу 21 жніўня адбылася прэзентацыя кнігі “Жыцця спасцігнуць таямніцы…” – працягу анталогіі паэзіі Оршы, першы том якой пад назвай “На піку сумлення” выйшаў у 2008 годзе.

Зборнік павінен быў выйсці ў свет яшчэ ў мінулым годзе. Але аўтарскі калектыў займаўся ўкладаннем і выданнем кнігі “Дняпроўскія галасы” – 60. Анталогія паэзіі і прозы Аршан-шчыны”, прысвечанай 60-годдзю літаратурнага аб’яднання. У названы зборнік  уключаны творы 87 аўтараў. У кніжцы “Жыцця спасцігнуць таямніцы” змешчаны працы васемнаццаці паэтаў. Сярод  аўта-раў як сталыя майстры слова, так і новыя імёны паэтычнага сузор’я Аршанскага краю. На вялікі жаль, ужо няма з намі Уладзіміра Сафронава, Аляксандра Кудзіна, Галіны Скляравай, Мікалая Шэўчыка. Для таго, каб творы гэтых чатырох паэтаў трапілі  на старонкі зборніка, Марыя Міхайлаўна Дзмітранок, адна з укладальнікаў выдання,  многа раз сустракалася з іх знаёмымі, блізкімі і роднымі. Нялёгкую задачу напісання  прадмовы “Шчырасць і даверлівасць паэтычнага слова” ўзяла на сябе Іна Пятроўна Байкова, настаўніца беларускай мовы і літаратуры  сярэдняй школы №3 горада Оршы.

Прэзентацыя прайшла ў форме музычна-літаратурнай кампазіцыі. Перад гасцямі выступілі некаторыя з аўтараў, чые творы ўвайшлі ў анталогію. Раіса Анатольеўна Рабцава прачытала прысутным адзін з апошніх сваіх вершаў “Пекінес”. Маладая паэтка Юлія Лебедзева прачытала верш “Святыня”, прысвечаны клубу паэзіі “Лотас” і Марыі Дзмітранок. Дарэчы, у зборнік уключаны працы многіх выхаванцаў Марыі Міхайлаўны – Міраслава Мамоніча, Настассі Сіянінай, Сяргея Сляпцова, Кацярыны Пярфільевай, Людмілы Ігнатавай,  Аксаны Бушнёвай, Юліі Лебедзевай, Ганны Паташовай. Цікавым было выступленне Віктара Сямёнавіча Яфрэмава, які прызнаўся, што ён – прыхільнік малых форм і тэматычнай разнастайнасці творчасці. Паэт прачытаў некалькі ўласных “яфрэмізмаў” і быў адораны бурнымі апладысментамі залы. На прэзентацыю прыйшла жонка У. Сафронава Зінаіда Мацвееўна. Уладзімір Фёдаравіч працаваў музыкальным работнікам у навучальных установах Оршы, пісаў сцэнарыі, вершы і песні, якія часта гучалі па радыё, напрыклад, кампазіцыя “Идем, идем, идем мы завтра в школу”. Паэта не стала ў 1988 го-дзе. Наступнай слова ўзяла Настасся Сіяніна, дачка Марыі Міхайлаўны Дзмітранок. У яе выкананні госці праслухалі песні “Оршанская земля” і іншыя. Лагічным працягам вечара стала выступленне Міраслава Мамоніча, сына    М. М. Дзмітранок. Малады чалавек параўнаў паэтаў з сярэдневяковымі алхімікамі, бо і першыя, і другія шукаюць філасофскі камень, сакрэты вечнай маладосці, толькі    ідуць яны да ісціны рознымі шляхамі.

…У зале ў той летні суботні вечар панавала атмасфера добразычлівасці і  творчасці. І таму так хочацца вяртацца туды зноў і зноў. Што ж, падставу для гэтага можна знайсці вельмі лёгка. Як паведамілі ўкладальнікі зборніка, рыхтуецца да выдання трэці том гэтай паэтычнай анталогіі Оршы, які пабачыць свет у 2012 годзе. З нецярпеннем будзем чакаць выхаду новага зборніка.

М. СЯМАШКА

НА ЗДЫМКУ (злева направа): Міраслаў Мамоніч, Настасся Сіяніна, Марыя Міхайлаўна Дзмітранок, Іна Пятроўна Байкова, Вольга Пашковіч.

Добавить комментарий