Якія змены чакаюць беларускую мову
Закон “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” ўступае ў дзеянне з 1 верасня 2010 года. Гэта значыць, што ўводзіцца новы правапіс роднай мовы. “Правілы…” былі зацверджаны Прэзідэнтам і абавязковыя для ўсіх.
Неабходна зазначыць, што адбылася не кардынальная рэформа, а толькі ўдакладненне правапісу. Гэта было неабходна, таму што сёння мы карыстаемся правіламі, зацверджанымі ў 1959 годзе. Але за паўстагоддзя, якія прайшлі з таго часу, з’явілася шмат новых слоў. Ніхто не ведае, як правільна іх пі-саць. Менавіта такія абставіны і сталі падставай для перагляду правапісу роднай мовы.
У правілы беларускай мовы ўнесены наступныя змены:
1) пашыраецца прынцып перадачы акання пры напісанні запазычаных слоў: трыа, адажыа, Токіа (паводле дзеючых “Правіл” пішацца трыо, адажыо, Токіо);
2) у словах іншамоўнага паходжання канцавыя элементы –эр, -эль прапанавана перадаваць як –ар, -аль: прынтар, камп’ютар, пэйджар і пад.;
3) паводле агульнага правіла перадачы на пісьме якання ў першым пераднаціскным складзе прапанавана пісаць словы дзявяты, дзясяты, сямнаццаць, васямнаццаць (зараз пішацца дзевяты, дзесяты, семнаццаць, васемнаццаць);
4) уносяцца змены ў напісанне складанаскарочаных слоў. Прапануецца пісаць прафкам, гаркам, абкам, селькар, газпрам і г.д. (паводле дзеючых «Правіл» пішацца прафком, гарком, абком, селькор, газпром);
5) пашыраецца напісанне нескладовага ў у большасці слоў іншамоўнага паходжання: ва ўніверсітэце, пасля ўнікальнай аперацыі, фаўна і г.д.;
6) уніфікуецца напісанне мяккага знака ў прыметніках на –ск(і), утвораных ад уласных назваў: чаньчунскі, цяньшанскі, як і любанскі, астраханскі;
7) уведзены новы параграф “Вялікая і малая літары ў назвах асоб, звязаных з рэлігіямі, у назвах міфалагічных і казачных герояў”. З вялікай літары прапануецца пісаць асабовыя назвы божастваў (бостваў) у рэлігійных культах, а таксама ўсе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя назвы: Бог, Усявышні, Святая Троіца і інш.;
8) у пачатку і ў сярэдзіне слоў гукавое спалучэнне [й]+галосны перадаецца ётаванымі галоснымі, як і ў словах уласнабеларускіх: Нью-Ёрк, Ёфе;
9) словы, у якіх вымаўляецца “э”, і на пісьме павінны ўжывацца з “э”: сэрвіс (цяпер яшчэ — сервіс);
10) рэгламентавана ўжыванне ў беларускай мове дзеясловаў іншамоўнага паходжання з суфіксам –ава- (-ява-) і –ірава- (-ырава-): ліквідаваць, а не ліквідзіраваць, акліматызаваць, а не аклімацізіраваць, але камандзіраваць, а не камандаваць, будзіраваць, а не будаваць і г.д.;
11) спрошчаны правілы пераносу слоў, што адпавядае сучасным выдавецкім тэхналогіям.
У школах таксама з 1 верасня пачнуць выкарыстоўваць новыя правілы. Настаўнікі павінны выпраўляць усе памылкі чырвоным, але адзнака пакуль будзе залежыць толькі ад колькасці памылак паводле старой арфаграфіі.