Справа жыцця – музыка
Зямля беларуская, Аршанскі край. З шумлівымі лясамі і пакручастымі ўзгоркамі, хуткаплынным Дняпром і крышталёвымі крыніцамі. А народ на гэтай зямлі працавіты і добры, мужны, задорлівы і вельмі таленавіты. Прадстаўнік катэгорыі таленавітых — Сяргей Новікаў.
… Калі хлопчыку было восем гадоў, бацькі аддалі яго ў музычную школу. Тата і мама Сяргея спадзяваліся, што хоць малодшы іх сын будзе мець жаданне і здольнасці да музыкі (старэйшыя брат і сястра правучыліся ў музычнай школе толькі па году). Але Сяргею падабалася разучваць гамы, па некалькі часоў праводзіць за ігрой на інструментах. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў выпускніка нават не было сумненняў, куды пайсці вучыцца далей. Сяргей паехаў у Віцебск паступаць у музычнае вучылішча на аддзяленне па класу баяна. Горад вабіў маладога чалавека тэатральным і канцэртным жыццём, акадэмічным духам высокага мастацтва і творчым натхненнем. Праз некалькі гадоў атрымаў дыплом. Але на гэтым не спыніўся, увесь час удасканальваў сваё майстэрства. Сёння наш зямляк віртуозна іграе на фартэпіяна, акардэоне, баяне, гітары.
Пісаць музыку Сяргей Валянцінавіч пачаў васемнаццаць гадоў таму, у 1992 г. За гэты час аўтарам было створана больш за шэсць дзесяткаў песень. Тры гады назад С. Новікаў пазнаёміўся з аршанскім паэтам Канстанцінам Нілавым, які прапанаваў супрацоўніцтва. Так у нашым горадзе з’явіўся выдатны творчы дуэт таленавітых людзей. Адметнай падзеяй сталі два сумесныя аўтарскія вечары, на якіх прагучала прыблізна 30 кампазіцый. Разам яны стварылі песню “Дажынкі”, якая стала нібы гімнам фестывалю-кірмашу і была ўключана ў музычны дыск, ідэйным “бацькам” якога стаў Эдуард Эдуардавіч Навагонскі. Адбылося гэта ў 2008 годзе. А сёлета аршанскага кампазітара зноў запрасілі прыняць удзел у стварэнні пласцінкі з песнямі пра Оршу. Былі запісаны дзве працы. С. Новікаў паклаў на музыку вершы паэтаў К. Нілава “Гімн гораду Оршы” і А. Шыбекі “Город детства” (на рускай мове) і сам праспяваў іх. Дарэчы, кампазітар часам выступае ў ролі аўтара тэкстаў песень, якія піша на сваю музыку. У ДКЛ адбыліся тры яго аўтарскія вечары, і заўсёды праграма канцэрта пакідала ў слухачоў толькі добрыя ўражанні.
Сяргей Валянцінавіч працуе настаўнікам музыкі ў сярэдняй школе №9 г. Оршы, якая мае эстэтычны ўхіл. Выкладчык упэўнены, што яго прадмет – адзін з самых неабходных для выхавання дзіцяці і яго развіцця. З гэтым перакананнем цяжка не згадзіцца, бо музыка ўзбагачае, натхняе, выхоўвае працавітасць, развівае добры эстэтычны густ. Самыя яркія старонкі педагагічнай творчасці С. Новікава – перамогі яго выхаванцаў. Дасягненняў, трэба сказаць, нямала! Кожны год вучні становяцца дыпламантамі і лаўрэатамі конкурсу “Буду зоркай”. Акрамя таго, Сяргей Валянцінавіч супрацоўнічае з народнай вакальнай групай “Беларусачка”, мастацкім кіраўніком якога выступае Святлана Бараўлёва. Для калектыву ДКЛ музыкант стварыў каля 15 песень.
У вольны час займаецца любімым аўтамабілем, гуляе ў валейбол, з задавальненнем рыбачыць.
М. СЯМАШКА
Для почитателей творчества оршанского композитора Сергея Новикова и для всех желающих познакомиться с процессом создания собственных песен и песен на стихи других авторов сообщаю, что в настоящее время Сергеем Новиковым создается свой личный сайт с которым можно ознакомиться по адресу http://sites.google.com/site/pesniorsha
Эдуард Навогонский.04.01.2012 г.