Выхаванцы Уладзіміра Яроменкі штодзень прыбаўляюць у вазе па 978 г
Нездарма кажуць: “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся”. Уладзімір Анатольевіч Яроменка (на здымку) вырас і працуе ў а/г Высокае. Тут яму знаёмы кожны куток, кожная сцежка, а ўсе аднавяскоўцы як родныя.
Свой працоўны шлях ён пачынаў па слядах бацькі – меліяратарам, на якога вучыўся ў Высокаўскім СПТВ-166. Але лёс наканаваў яму іншы занятак.
Вясковага хлопца ў 2000 годзе запрасілі на працу ў ААТ “Маяк Высокае”, дзе патрэбны былі працавітыя і моцныя рукі. Уладзімір чакаць сябе доўга не прымусіў. На сельскагаспадарчым прадпрыемстве абяцалі добры заробак і прадстаўлялі жыллё. Таму аднойчы, пераступіўшы ганак прадпрыемства па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы, Уладзімір на ўсё жыццё сэрцам прыкіпеў да справы жывёлавода.
– Спачатку было страшна, – успамінае Уладзімір Анатольевіч. – Дома мы трымалі адну карову, а тут трэба было даглядаць каля васьмісот маладых бычкоў вагой больш за 200 кілаграмаў.
З ранку ён заўсёды абыходзіць загон, правярае стан здароўя кожнага бычка, потым прыбірае рэшткі кармоў, што засталіся з ночы, насыпае і раздае новыя. Безумоўна, за гэтым стаіць карпатлівая штодзённая цяжкая праца. Аднак Уладзімір ніколі не скардзіўся. Ён увогуле лічыць, што яму ў жыцці вельмі пашанцавала, бо трапіў у калектыў вопытных жывёлаводаў, такіх, як Наталля Краўчанка – начальнік жывёлагадоўчага комплексу, Яўгенія Жураўлёва – начальнік перыяду адкорму буйной рагатай жывёлы, жывёлаводы Васіль Крупін, чый партрэт сёння можна ўбачыць на раённай Дошцы гонару, Валянцін Ракаць, якому не так даўно за высокія вынікі ў працы падарыў гадзіннік сам Міхаіл Мясніковіч. Побач з Уладзімірам працуе Ірына Васілеўская, якой аб’яўлена падзяка Мінсельгаса Беларусі, Алена Вінакурава – Чалавек года Віцебшчыны-2011, і гэты зорны спіс можна прадоўжыць.
Жывёлаводы ААТ “Маяк Высокае” адны з першых у вобласці і рэспубліцы дасягнулі сярэднясутачных прываг жывёлы ў адзін кілаграм. Зразумела, что і зараз у гэтай гаспадарцы адны з самых лепшых паказчыкаў. Выхаванцы У. Яроменкі штодзень прыбаўляюць у вазе па 978 г. За дасягненні ў жывёлагадоўлі, узорную працу Уладзімір Анатольевіч Яроменка названы Чалавекам года Віцебшчыны.
Не так даўно Уладзімір перацягнуў у сваю справу і жонку Галіну, якая раней працавала ў Юрцаўскай школе кладаўшчыцай. Зараз дапамагае ёй авалодаць прафесіяй, вучыць чуласці, цярплівасці да сваіх выхаванцаў.
Людміла МАРШАЛОВІЧ.
Фота аўтара.