Лучшее в Орше сочинение «Я — белорус» написал первокурсник колледжа железнодорожного транспорта
Падведзены вынікі конкурсу сачыненняў “Я – беларус”, які праходзіў у рамках акцыі сярод маладых выбаршчыкаў “Моладзь ЗА! Будучае роднай Аршаншчыны”. Журы прызнала лепшым работу навучэнца групы 101У 1 курса Аршанскага каледжа чыгуначнага транспарту Уладзіслава Ігнатовіча (выкладчык Людміла Аляксандраўна Дзем’янчук) (на здымку).
Беларус… Кожны, хто чуў ці ведае пра такіх людзей, як мы з вамі, мае сваё ўласнае ўяўленне пра наш народ. Для кагосьці беларусы – гэта працавітыя, гасцінныя “бульбашы” з адкрытай душой, заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу. Для кагосьці – прыгожая дзяўчына з валасамі колеру льну, блакітнымі, як бяскрайнія азёры, вачыма і малады хлопец у кашулі з нацыянальным арнаментам, падперазаны слуцкім поясам. Абое ўсмешлівыя, напоўненыя невычэрпнай энергіяй і жыццярадаснасцю. У дзяўчыны ў руках букет з палявых кветак, у хлопца – каса… Такія мы з вамі – беларусы.
Я ўпэўнены, што калі падысці да любога чалавека на вуліцы і прапанаваць назваць некалькі слоў, якімі б ён апісаў нашу краіну турысту, то сярод іх былі б такія родныя, блізкія сэрцу словы: бульба, чысціня, возера Нарач, рака Нёман, Белавежская пушча… Гэты спіс можна працягваць бясконца. І сапраўды… Заплюшчы вочы і вымаві запаветнае слова – Беларусь. Умомант перад вачыма прабягаюць, змяняючы адзін аднаго, шматлікія малюнкі: бяскрайнія чыстыя азёры, доўгія і магутныя рэкі, лясы, у якіх звонка спяваюць птушкі, жывуць шматлікія звяры. Недзе чутна журчанне ручайка, недзе спявае салавей. А вось ідзе горды, магутны зубр – сімвал Беларусі. Недарэмна менавіта ён з’яўляецца сімвалам чэмпіянату свету па хакеі, які пройдзе ў маі 2014 года ў Мінску.
Усплывуць у нашым уяўленні і многія гарады – чыстыя, утульныя, светлыя. Адзін з іх – Мінск, сталіца нашай краіны. Зараз гэта сучасны горад, у якім гарманічна спалучаюцца мінулае і цяперашняе. Прайдзіцеся па Траецкім прадмесці, адной з гістарычных частак горада – і вы адразу акунецеся ў гісторыю, вернецеся ў ХVIII-XIX ст. Хочацца сучаснасці – шчыра запрашаем у забаўляльныя і гандлёвыя цэнтры.
У які б горад краіны я ні прыехаў, усюды я адчуваю нешта роднае, нешта сваё. Але ў кожным месцы нашай Радзімы ёсць свая асаблівасць, таямніца, якая надае ёй асаблівую загадкавасць. Сэрца пачынае біцца мацней, па скуры прабягаюць мурашкі, цябе перапаўняюць эмоцыі, ты разумееш, што ўсё гэта – твая мілая і любая Беларусь!
Мне пашчасціла пабываць у некалькіх краінах, і ўсюды, куды б я ні прыехаў, задаюць адно і тое ж пытанне: “А адкуль ты? Дзе ты жывеш?” І ведаеце, мяне перапаўняе асаблівае пачуццё гонару за сваю краіну, калі я адказваю: “Я з Беларусі!” А ў адказ чую: “О, з Беларусі! Добрая краіна!” Я ўсміхаюся, атрымліваючы асалоду, і нават не ведаю, што сказаць у адказ! Не сакрэт, што на папулярных курортах беларусы заўсёды ў пашане.
Зараз мы жывём у спакойнай краіне, дзе не трэба баяцца выйсці на вуліцу. Над нашымі галовамі – яснае і чыстае неба. Заўсёды мы радуемся першаму вясенняму сонейку, радуемся за дзяцей, поспехі нашай краіны, дасягненні… Але не заўсёды ўсё было так спакойна і ціха. Па тэрыторыі нашай краіны пракатваліся самыя жахлівыя і крывавыя войны, гінулі мільёны жанчын, дзяцей і старых, нашых дзедаў і прадзедаў. Не заўсёды мы, беларусы, былі незалежнымі і самастойнымі. Але мы цвёрда стаялі, змагаліся. Не давалі нашу зямлю родную нявечыць ворагам! Варта толькі падумаць, што ўжо 69 гадоў прайшло з Дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне! Боль гэтай жахлівай, разбуральнай вайны назаўсёды застанецца ў сэрцах беларусаў. “Ніхто не забыты, нішто не забытае…” – гэтыя словы павінен памятаць кожны жыхар нашай краіны.
Але час ідзе, усё змяняецца. Калі параўнаць, якой наша краіна была гадоў 50 таму і якой стала зараз, то можна толькі парадавацца і сказаць:”Дзякуй!” Каму? Нам з вамі! Самі ж беларусы ствараюць сучаснае і будучае краіны. А наша кіраўніцтва дапамагае ў гэтым, накіроўвае нашы дзеянні ў патрэбнае рэчышча. Не будзе народа – не будзе і краіны.
З 1994 года 15 сакавіка адзначаецца адно з самых важных дзяржаўных святаў – Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Канстытуцыя – асноўны Закон нашай дзяржавы. Менавіта яна даравала нам незалежнасць, самастойнасць у рашэнні нашых унутраных і знешніх пытанняў. У ёй запісаны асноўныя правы, абавязкі ўсіх грамадзян нашай краіны, іх адказнасць перад Законам.
Па традыцыі, кожны год 15 сакавіка адбываецца ўручэнне самага галоўнага дакумента – пашпарта. 14-гадовыя юнакі і дзяўчаты атрымліваюць першы дакумент. Як правіла, уручэнне праводзіцца ў святочных абставінах, у гістарычных месцах. Гэта адзін з самых хвалюючых момантаў жыцця кожнага беларуса. Цяпер ён сам павінен цалкам усведамляць асабістую адказнасць перад краінай і народам, з гонарам несці званне грамадзяніна нашай любімай Беларусі.
Раз у чатыры гады ў краіне праводзяцца выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў. Менавіта гэтыя людзі, якіх выбраў сам народ, з’яўляюцца апорай і абаронай пры любых цяжкасцях, якія ўзнікаюць.
Правядзенню выбараў у нашай краіне надаецца вялікая ўвага, таму што тысячы людзей давяраюць свае лёсы ім, народным выбраннікам.
Я жыву і радуюся. Я магу вольна дыхаць. Вучуся, займаюся любімай справай, слухаю музыку і ўпэўнены ў сваім будучым. А ўсё таму, што нарадзіўся менавіта тут, у гэтай прыгожай і цудоўнай краіне, жыву побач з добрымі і сумленнымі людзьмі. Дзякуй, народ! Дзякуй, Беларусь!
Фота М. СЯМАШКІ.