Папараць-кветка Галіны Баграцовай

У людзей творчых заўсёды атрымліваецца кожная справа, за якую яны б не ўзяліся. Увесь сакрэт у тым, што робяць яны яе з душой, на карысць каму-небудзь, а не дзеля таго, каб проста выканаць. Колькі сябе памятае Галіна Васільеўна Баграцова, яна заўсёды нешта майстравала, прыдумвала разнастайныя рэчы, якія потым здзіўлялі акружаючых і прыносілі задавальненне аўтару.

Захапленне традыцыйным народным мастацтвам – аплікацыяй з саломкі прыйшло да майстра гадоў дзесяць таму. З кожным годам аматарскія работы набывалі прафесійныя рысы і вытанчанасць, але Галіна Васільеўна не спынялася на дасягнутым. Гэты пошук прадаўжаецца і сёння, пад час супрацоўніцтва творцы з Аршанскім раённым Домам рамёстваў, дзе яна працуе ўжо пяць гадоў. Нягледзячы на тое, што майстар валодае сучаснымі метадамі саломапляцення, у тым ліку і апрацоўкі матэрыялу, яна аддае перавагу старым прыёмам работы з саломы, якімі валодалі яшчэ нашы прашчуры. Галіна Васільеў-на ахвотна нагадвае няхітрыя сакрэты гэтага майстэрства, спадзеючыся на тое, што чытачы зацікавяцца дадзеным народным промыслам, тым больш, што самы час нарыхтоўваць сыравіну. Сярпом альбо нажніцамі ці нажом каля зямлі зразаем жытнёвую збажыну. Каласы абразаем, а саму салому сушым, сартуем, а потым раз-разаем… Пра далейшую працу з саломай вы даведаецеся пасля наведвання раённага Дома рамёстваў, які знаходзіцца непадалёку ад аўтобуснага прыпынку ў пасёлку Бабінічы. Адна з трох гасцінных гаспадынь гэтай установы падрабязна раскажа і пакажа кожнаму пра тэхналогію аплікацыі з саломкі, навучыць прасцейшым апера-цыям з матэрыялам. З цягам часу ваш дом зазіхаціць золатам сонца, набудзе асаблівы шарм, індывідуальнасць і ўтульнасць.

Сённяшні расповяд пра метадыста – майстра Дома рамёстваў Галіну Баграцову невыпадковы. Удзел у трэцім абласным свяце-конкурсе саломапляцення “Папараць-кветка”, прысвечаным 65-годдзю Вялікай Перамогі, у межах ХІХ Міжнароднага фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” 10-11 ліпеня, прынёс нашай зямлячцы поспех і пацвердзіў яе высокі прафесіяналізм. Сярод пятнаццаці намінацый конкурсу з саломкі аршанская майстрыха заняла пачэснае другое месца і атрымала дыплом пераможцы. Трэба адзначыць, удзел у такім мерапрыемстве – справа нялёгкая, бо ў ім былі задзейнічаны знакамітыя на ўвесь свет творцы з усёй Беларусі, у тым ліку члены Беларускага саюза майстроў, за плячыма якіх значны вопыт у гэтай галіне і ўласныя методыкі работы з матэрыялам. Галіна -Васільеўна ажыццяўляла тут сваю задумку – карціну “Сланечнікі”. Сціплыя прыродныя фарбы, немудрагелісты ўзор літаральна праз некалькі гадзін прадсталі перад аўтарам і гледачамі спелымі сланечнікамі. Здавалася, адарвацца ад іх немагчыма. Ня-дзіўна, што яшчэ да прагляду работы кампетэнтным журы на чале з вядомым у колах народных майстроў доктарам мастацтвазнаўства, прафесарам, старшынёй праўлення Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці Яўгенам Міхайлавічам Сахута пакупнікі мелі намер набыць карціну ў прыватныя калекцыі.

Па словах Галіны Васільеўны, спадзяванняў на перамогу ў яе не было па прычыне, ужо адзначанай вышэй. Аршанцам хапіла ўражанняў і хвалявання ад самога ўдзелу ў конкурсе, і таму пачэсная адзнака стала для яе проста аглушальнай! Нават сёння майстар яшчэ не можа звыкнуцца з поспехам на конкурсе, хаця яе работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Англіі і Германіі, Расіі і Італіі. Зразумела, такое выпрабаванне натхніла Баграцову на рэалізацыю новых ідэй. Акрамя мілых сэрцу і вельмі прывабных лялек-зернавушак, Галіна Васільеўна ўжо здзейсніла частку свайго чарговага праекта: выраб серыі лялек у нацыянальным стылі. Першая з іх – стылізаваная фігурка дзяўчыны ў беларускім нацыянальным адзенні з хлебам-соллю ў руках. Ужо пачалася работа над фігуркай маладой кабеты з дзіцём, як сімвала жанчыны-маці… Па меркаванні майстра, такія лялькі-збярэгі абавязкова прыжывуцца ў кожным доме, несучы с сабой дабрыню і веру ў спрадвечныя чалавечыя каштоўнасці.

Сама ж майстар, расіянка Галіна Баграцова, відаць па ўсім, ужо знайшла сваё шчасце і прызначэнне на нашай прыгожай беларускай зямлі. Яна шмат працуе, і не толькі ў Доме рамёстваў. Галіна Васільеўна – чалавек рознабаковых захапленняў. Любіць і вырошчвае разам з мужам кветкі, кожны год удасканаль-ваючы свой прысядзібны ўчастак, на якім, -здаецца, сабраны ўсе рэдкія віды кветак, вырабляе найпрыгажэйшыя рэчы з рознакаляровых атласных стужак, вяжа і шые. Напрыклад, зусім нядаўна яна зрабіла на падарунак коўдру ў модным стылі пэчварк, адрадзіўшы яшчэ адзін від народных промыслаў – ласкутнае шыццё. Радуе, што сваю папараць-кветку, якая прыносіць шчасце, майстар раённага Дома рамёстваў Галіна Васільеўна Баграцова ўжо даўно знайшла. Творцы застаецца толькі пажадаць поспехаў!

Л. ГАТОЎСКАЯ

Добавить комментарий