ЗЕРНЕ СУШАЦЬ У ЗУБАВЕ

zubava

Аператар зернесушыльнага комплексу Уладзімір Горбач.

На зернесушыльным комплексе адкрытага акцыянернага таварыст-ва “Агракамбінат “Юбілейны”, што знаходзіцца ў аграгарадку Зубава, увесь жніўны сезон (а тут ужо завяршылі ўборку хлеба) ішоў бесперапынны працэс. Машыны, запоўненыя залатымі зярняткамі, толькі і паспявалі пад’язджаць, а працаўнікі сушылкі, у сваю чаргу, – прымаць каштоўны груз. Адна справа – сабраць хлеб, але вельмі важна і высушыць яго.

На першы погляд можа падацца, што ў гэтым працэсе нічога асабліва складанага няма. Аператар зернесушыльнага комплексу Уладзімір Горбач з такім меркаваннем зусім не згодзен. З гэтай дзейнасцю ён знаёмы ўжо адзінаццаць гадоў, а таму ведае, што працэс сушкі зерня – справа даволі далікатная, і каб разумець яе – патрабуецца нямала часу. Тут і якасць самога зерня мае вялікае значэнне, і бездакорная работа абсталявання ні на апошнім месцы.
Тонкую навуку Уладзімір спасцігае да гэтай пары, нягледзячы нават на тое, што за плячыма сур’ёзны практычны вопыт. Штогод свае веды ён замацоўвае на спецыяльных курсах павышэння кваліфікацыі.
Падчас жніва разам з калегам Іванам Ісачэнкам ён высушыў 9327 тон зерня – такі сёлетні рэкорд аператараў ААТ “Агракамбінат “Юбілейны”.
Па меркаванні Уладзіміра Горбача, у паспяховай працы – заслуга ўсяго калектыву зернесушылкі на чале з начальнікам комплексу Фёдарам Шавекам. Усе стараліся выконваць свае абавязкі з поўнай адказнасцю.

Добавить комментарий