«ЛАРЫНАЎКА» СКОНЧЫЛА ЖНІВО. ГЕРОІ НІВЫ — ЭКІПАЖ ДВУХТЫСЯЧНІКАЎ

Толькі тыдзень таму Мікалая Захарэнку і Сяргея Каткоўскага з СВК “Ларынаўка”, які ўзначальвае Аляксандр Кухцянкоў, віншавалі з намалотам першай тысячы тон зерня. Ужо 8 жніўня экіпаж дасягнуў новага працоўнага рэкорда. Героі хлебнай нівы зрабілі добры ўклад у агульны каравай – разам яны сабралі дзве тысячы тон зерня!

У чацвер, каб выказаць падзяку за выдатную працу, уручыць героям уборачнай кампаніі падзякі, Ганаровыя граматы, падарункі і грашовыя прэміі, на залацістую ніву прыехалі старшыня Аршанскага райвыканкама Мікалай Лісоўскі, яго намеснікі Алег Смірноўскі і Андрэй Канстанцінаў, старшыня Аршанскага раённага Савета дэпутатаў Станіслаў Кошкін. Музычны сюрпрыз для рэкардсменаў падрыхтавалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці. На цырымонію ўзнагароджання – толькі некалькі хвілін. А пасля цішыню над ураджайнымі палеткамі зноў разрэзаў гул матораў.
Ужо вечарам 8 жніўня хлебаробы з “Ларынаўкі” дасягнулі фінішнай прамой. Майстры хлебнай нівы  Сяргей Каткоўскі і Мікалай Захарэнка намалацілі 2021 тону збожжа. Усяго ж па гаспадарцы сабрана 5151 тона зерня з плошчы 800 гектараў пры ўраджайнасці 64,4 ц/га.

Марына СЯМАШКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий