БОГАМ ДАДЗЕНЫ ТАЛЕНТ
Калі Сяргей Анатольевіч Трафімаў з’явіўся на свет, богі Зеўс, Гера, Афіна і Праметэй тэрмінова сабраліся на савет. Кожны вырашаў, якімі рысамі характару надзяліць немаўля, якімі талентамі яго адарыць. Зеўс падкрэсліў, што ў хлопчыка выдатны інтэлект, і спытаў у багоў, чаго яшчэ не дастае малому. Тады Гера паабяцала, што праз гады Сяргея бу-дуць ведаць як добрага сем’яніна, а яго хатні ачаг заўсёды будзе саграваць. “Ён знойдзе сваё прызванне ў кнізе, з калыскі будзе цягнуцца да ведаў”, – прарочыла Афіна. Часцінку свяшчэннага агню падарыў хлопцу Праметэй, каб ён дзяліўся святлом і цеплынёй са светам.
Такім імправізаваным саветам распачалася вечарына “Пісьменнік, настаўнік і сябар” з нагоды пяцідзесяцігоддзя Сяргея Трафімава, якая адбылася ў бібліятэцы імя А. Пушкіна. Сапраўды, пры нараджэнні Сяргея Анатольевіча адарылі толькі найлепшым: адны з самых каштоўных скарбаў – вялікае сэрца і любоў да людзей. Калі запісаць усе добрыя словы, якія адрасавалі юбіляру, атрымаецца сапраўдная песня. А праз яе чырвонай ніткай пройдзе думка: да кожнай справы наш зямляк Сяргей Трафімаў, нераўнадушны чалавек, выдатны педагог і таленавіты пісьменнік, падыходзіць з любоўю, таму і атрымліваецца ўсё толькі на “выдатна”. Не было б сёння столькі разумных, кемлівых хлопчыкаў і дзяўчынак, калі б плённа не шчыравалі на літаратурнай ніве дзіцячыя аўтары Сяргей і Галіна Трафімавы. Звыш 130 пазнавальных кніг для самых патрабавальных чытачоў, падручнікаў і вучэбна-метадычных даведнікаў выдадзены агульным тыражом звыш за адзін мільён экземпляраў – лічбы сапраўды ўражваюць!
“Напярэдадні дня горада Оршы мы адзначаем юбілей цудоўнага чалавека і дзіцячага пісьменніка Сяргея Трафімава. І гэта знакавая падзея. Не было б Аршанскай зямлі, калі б не было людзей, якія яе праслаўляюць, – зазначыў намеснік старшыні райвыканкама Алег Смірноўскі. – Тысячы юных чытачоў з Беларусі і Расіі вучацца разумець мову прыроды з дапамогай вашых кніг, паважаныя Сяргей Анатольевіч і Галіна Уладзіміраўна. Вам была даверана ганаровая місія – стварыць “Букварь Оршанский”. Хутка пабачыць свет яго другое выданне. Я ўдзячны лёсу, што ён звёў мяне з такімі нераўнадушнымі людзьмі”.
Каб пісаць для юных чытачоў, трэба не толькі выдатна валодаць словам і дасканала ведаць дзіцячую псіхалогію, але і шчыра любіць дзяцей, размаўляць з імі на роўных. Нават у прызнаных мастакоў слова не заўсёды атрымліваецца пісаць для юнай аўдыторыі. Гэта падкрэсліў і госць з Арменіі – паўнамоцны прадстаўнік губернатара Ларыйскай вобласці ў Рэспубліцы Беларусь Саак Серажаевіч Антанесян, прафесар і пісьменнік. Падчас вечарыны ён звярнуўся да Сяргея Трафімава: “Я б жадаў атрымаць ад Вас згоду прадставіць Вас на выбранне сапраўдным членам Міжнароднай акадэміі экалогіі, мастацтва і архітэктуры”.
Выдатны падарунак шаноўнаму юбіляру прывезла старшыня Віцебскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка. “У нашай краіне, як ні ў адной іншай, удзяляецца вялікая ўвага развіццю літаратуры. Калі мы страцім кнігу, жывое слова, мы страцім аснову ўсяго. Мы святкуем юбілей чалавека, які прысвяціў жыццё друкаванаму слову. У мінулым годзе мы праводзілі маніторынг сярод бібліятэк вобласці і высветлілі, што кнігі Трафімавых карыстаюцца вялізнай папулярнасцю: за год у Віцебскай вобласці творы пісьменнікаў выдалі на рукі больш за 10,5 тысячы разоў!” – расказала Тамара Іванаўна. Яна ўручыла Сяргею Анатольевічу Трафімаву ўзнагароду Саюза пісьменнікаў Беларусі – медаль “За вялікі ўклад у літаратуру” (на здымку).
Словы падзякі, удзячнасці і захаплення не змаўкалі некалькі гадзін, шчаслівы юбіляр толькі і паспяваў прымаць падарункі ад шматлікіх гасцей: прадстаўнікоў выдавецтва “Народная асвета”, аддзела адукацыі Аршанскага райвыканкама, настаўнікаў, бібліятэкараў, сяброў і родных. Павіншаваць аршанскага майстра слова прыйшлі танцавальны калектыў “Весялушкі” і салісты ўзорнай студыі эстраднай песні “Рафлезія” гарадскога Цэнтра культуры.
(Продолжение статьи читайте в «Аршанскай газете» №75 за 2 июля 2013 года).
Марына СЯМАШКА.
Фота аўтара.