ВЁСКА, АБЛЮБАВАНАЯ ПАЭТАМ

Супрацоўнікі Зубаўскага Дома культуры сумесна з ветэранскай арганізацыяй агракамбіната “Юбілейны” правялі свята вёскі Ляўкі.

У нашым сельсавеце сем вёсак, але першае свята вёскі прайшло менавіта ў Ляўках. Штогод гэты куток наведваюць сотні турыстаў з нашай краіны, бліжняга і далёкага замежжа. Госці свята ўбачылі нумары мастацкай самадзейнасці, праслухалі аповед пра шлях да назвы мясцовай гаспадаркі, старшынёўскай эстафеце, ляўкоўскаму перыяду творчасці Янкі Купалы. Таксама была арганізавана выстава матэрыялаў, якая дапамагла узгадаць, што раней на нашай тэрыторыі было шэсць калгасаў. Гаспадарка ў Ляўках мела назву “Х з’езд Саветаў”. У 1951 годзе ўсе шэсць гаспадарак аб’ядналіся ў адну. З 1966 па 2003 год гаспадарка называлася “Калгас імя Янкі Купалы”, потым – СВК “Купалаўскі”, а з

2010 г. – ААТ “Агракамбінат “Юбілейны”. 40 гадоў кіраваў гаспадаркай ураджэнец Ляўкоў Вялічка У. С., пра якога пісаў наш зямляк з Зубрэвічаў Янка Сіпакоў у артыкуле “Зубрэвічы – Ляўкі” са зборніка “Вецер на даху вагонаў”.

У 1935 годзе Янка Купала разам з групай сталічных паэтаў патрапіў у Ляўкі, і яму вельмі спадабалася маляўнічае ўрочышча на Аршаншчыне. На свяце вяскоўцы пазнаёміліся з успамінамі Кацярыны Міхайлавай і Марыны Манкевіч – ураджэнак Ляўкоў – аб песняру. Вялікая колькасць фотаздымкаў на выставе нагадвала моманты святкавання юбілейных дат з дня нараджэння Купалы.

У цэнтры ўвагі на свяце былі працавітыя і радушныя ляўкоўцы, якія застаюцца прыкладам высакароднасці, вернасці і кахання. Сярод іх – Аляксандр і Вольга Шчабляцовы, якія хутка справяць брыльянтавае вяселле. Летась адзначылі залаты юбілей сумеснага жыцця Галіна і Пётр Крупенька. Шмат гадоў ідуць побач сем’і Бадзяковых, Юрчанка, Кручэўскіх.

На свяце віншавалі з 70-годдзем Ніну Андрэеўну Крупень. Слёзы радасці блішчэлі на яе вачах, калі жанчына прымала віншаванні і падарунак ад кіраўніцтва агракамбіната, а таксама слухала прысвечаную ёй песню.

(Продолжение статьи читайте в «Аршанскай газете» №75 за 2 июля 2013 года).

К. ФОМЧАНКА,

старшыня ветэранскай арганізацыі агракамбіната “Юбілейны”.

Добавить комментарий