ТАБЕ, МОЙ край, ПРЫСВЯЧАЕЦЦА

Другі год запар музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны прымае ўдзел у рэспубліканскім праекце “Фэст экскурсаводаў”. Убачыць свой любімы горад па-новаму, адкрыць для сябе незнаёмыя старонкі слаўнага аршанскага летапісу можна было падчас вандроўкі “Табе, мой горад, прысвячаецца”, якую правяла для ўсіх жадаючых выдатны гід – старшы навуковы супрацоўнік музея гісторыі і культуры Оршы – Валерыя Маісеева.

11 гадзін раніцы. Экскурсія пачынаецца на ганку музея гісторыі і культуры Оршы пад бой курантаў на калегіуме езуітаў. Кожны з прысутных гарэў жаданнем паслухаць цікавыя факты з багатага летапісу роднага краю. Горад на Дняпры ўпершыню ўзгадваецца ў 1067 годзе.

Пачнем экскурсію па гістарычным цэнтры Оршы на цэнтральнай вуліцы Леніна, якую раней называлі Пецярбургскай. Музей гісторыі і культуры Оршы быў адкрыты 12 снежня 1992 года. У будынка, помніка архітэктуры ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, цікавая і доўгая гісторыя. Спачатку тут быў жылы дом і галантарэя. Пазней, у 1949 годзе, да дома быў прыбудаваны яшчэ адзін, дзе размясціўся радыёвузел. Фактычна сёння музей размешчаны адразу ў двух будынках.

Наступны наш прыпынак – каля Белаграпрам-банка. У гэтым будынку амаль заўсёды захоўваліся грошы. Падчас Вялікай Айчыннай вайны тут, як расказваюць сведкі, была канюшня. Перад “Дажынкамі” будынак быў адрамантаваны і стаў упрыгажэннем гістарычнага цэнтра Оршы.

Працягваем наша цікавае падарожжа. Наперадзе – сапраўдная жамчужына нашага горада, яго візітоўка – былы калегіум езуітаў, помнік архітэктуры ХVІІ ст. Бацькам калегіума можна назваць канцлера ВКЛ Льва Сапегу, які ў 1590 годзе набыў участак у цэнтры горада і пабудаваў каталіцкі касцёл. Пазней, у 1612 г., тут быў адкрыты езуіцкі калегіум. На тэрыторыі размяшчаліся касцёл, школа, калегіум, аптэка і розныя гаспадарчыя пабудовы. Каля калегіума былі батанічны агарод і вялікі фруктовы сад. Навучанне было ў асноўным платнае. Юнакі, якія не мелі магчымасці праходзіць курс навук за грошы, павінны былі граць у мясцовым тэатры, дарэчы, першым у горадзе. Працавала вышэйшая навучальная ўстанова да 1820-х гадоў, калі па загадзе Аляксандра І ордэн езуітаў спыніў сваю дзейнасць на тэрыторыі Расійскай імперыі. На жаль, час, войны і пажары былі бязлітаснымі да помніка архітэктуры: ад былога велічнага будынка засталіся толькі рэшткі. Доўгі час, з 1842 па 1989 г., у былым калегіуме езуітаў размяшчалася турма. Перад “Дажынкамі” аршанцы атрымалі выдатны падарунак – будынак калегіума быў рэканструяваны. Аднавіць увесь комплекс немагчыма, але аўтары праекта знайшлі выйсце. Калі паглядзець на плітку на пляцоўцы злева ад калегіума, то можна ўбачыць абрысы былых пабудоў.

Наступны пункт нашага маршруту – этнаграфічны музей “Млын”. Пакуль ідзем да яго, Валерыя расказвае пра будынкі на вуліцы Мінскай. Хочаце даведацца, як жылі ўрачы ў пачатку мінулага стагоддзя? Тады паглядзіце на будынак сённяшняга аддзела адукацыі. Па апавяданнях старажылаў, некалі дом з’яўляўся часткай сядзібы гарадскога доктара. Будынак з цікавай архітэктурай, багатай знешняй аддзелкай быў значна рэканструяваны ў апошнія дзесяцігоддзі, была дабудавана частка дома з паўднёвага боку.

У 1902 годзе ў Оршы пачаў працаваць самы буйны ў Магілёўскай губерніі млын. Ён прыносіў немалы прыбытак у казну горада. Існуе павер’е: каб такое прадпрыемства не было стратным, трэба акрапіць яго крывёй. Відаць, нашыя продкі не забылі гэта зрабіць… У 1995 годзе ў прыгожым будынку быў адкрыты музей. Побач з “Млынам” размешчаны яшчэ адзін помнік архітэктуры – каменны мост. Наўрад ці будаўнікі і праекціроўшчыкі ў пачатку мінулага стагоддзя ведалі, якім доўгім будзе жыццё арачнага моста, які перакінуты над былым замкавым ірвом, якія вялізныя машыны будуць правяраць мост на трываласць.

(Продолжение статьи читайте в «Аршанскай газете» №65 за 8 июня 2013 года).

Марына МАРЫНІНА.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий