Грунвальдскай бітве – 600 год
600 год таму, 15 ліпеня 1410 г., аршанскія ваяры прынялі ўдзел у Грунвальдскай бітве (яе ў беларускіх летапісах называюць яшчэ Дубровенскай). Гістарычным вынікам гэтай бітвы стала захаванне нацыянальнай незалежнасці і самабытнасці ўсходне-славянскіх народаў. Аб’яднаныя сілы Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага, а таксама Смаленкія харугвы разбілі войскі наймагутнейшага ў тагачаснай Еўропе крыжацкага Тэўтонскага Ордэна.
Бітва гэта стала вырашальнай у вайне 1409-1411 гадоў. Адбылася яна каля населеных пунктаў Грунвальд і Таненберг на тэрыторыі сучаснага Вармінска-Мазурскага ваяводства ў Польшчы і цягнулася цэлы дзень, вельмі драматычна і супярэчліва. Асаблівай мужнасцю вызначыліся тры смаленскія харугвы, якія адзіныя не кінуліся ўцякаць у цяжкую хвіліну боя, упарта змагаліся і тым заслужылі вялікую славу. Беларускі пісьменнік і гісторык К. Тарасаў лічыць, што ў складзе трох смаленскіх харугваў была і аршанская. Мабыць, і нашы продкі праславілі сябе ў той бітве.
К вечару 15 ліпеня 1410 г. Грунвальдская бітва скончылася поўным разгромам крыжакоў. Загінулі ўсе кіраўнікі Ордэна, у тым ліку і вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген, маршалы Ордэна, камандорыі і ўсе знатныя рыцары прускага войска. У рукі саюзных войск трапілі ўмацаваны лагер крыжакоў і ўсе іх сцягі.
Гэтая перамога пад Грунвальдам спыніла шматгадовую экспансію крыжакоў на славянскія землі, стала пачаткам заняпаду Тэўтонскага Ордэна. Міф пра непераможнасць- крыжакоў быў развеяны.
Орша не застанецца ў баку ад святкавання гэтай гістарычнай падзеі. Аддзеламі адукацыі і культуры Аршанскага гарвыканкама запланаваны з 15 па 25 ліпеня кніжныя выставы “Вялікая бітва пад Грунвальдам. 1410 год”, “Вялікі подзвіг нашых продкаў – перамога ў Грунвальдскай бітве”, “Еўропа славянская супраць Еўропы крыжакоў”, “Героі Грунвальдскай бітвы” ў бібліятэках горада.
У ЦГБ імя А. Пушкіна пройдзе гістарычны экскурс с выкарыстаннем аўдыа- і відэаматэрыялаў “Ягайла і Вітаўт супраць Ульрыха фон Юнгінгена (1410 год, 15 ліпеня)”. У лясным масіве мікрараёна №1 у перасовачным лагеры “Водник” адбудзецца рыцарскі турнір, прысвечаны 600-годдзю Грунвальдскай бітвы.
Музей гісторыі і культуры горада Оршы прапануе 15-17 ліпеня ўсім жыхарам і гасцям экскурсіі па гістарычнай частцы горада.
А. Загарэльская, навуковы супрацоўнік музея гісторыі і культуры г. Оршы