У РОДНЫМ СЛОВЕ – ЦЭЛЫ СВЕТ
У родным слове – мудрасць народа, яго памкненні і моц, душа і мары. Слаўны сын нашага краю Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч казаў пра беларускую мову: “Ты мой ясны хлеб і каханы май, песня продкаў, нашчадкаў палі, без цябе, не з табой – не патрэбен мне рай на душы. Ў небясі. На зямлі”. Менавіта ў музеі аршанскага песняра ў Міжнародны дзень роднай мовы прайшло сапраўднае свята беларускага слова. У храме мастацтва сабраліся жыхары і госці нашага горада, нераўнадушныя да лёсу роднай мовы. Аршанцы прысвячалі матчынаму слову песні і вершы, якія кранулі сэрцы кожнага з прысутных.
Падарожжа пад ветразем паэзіі падчас вечарыны беларускай аўтарскай песні “Чароўная кветка народнай душы” пачалося з выступлення госця з Барані. Кіраўнік народнага ансамбля народнай музыкі і песні “Крынічанька” Вячаслаў Шпакоўскі прапанаваў слухачам патрыятычную песню “Я тут нарадзіўся”, словы якой належаць аршанке Яўгеніі Казловай. У сааўтарстве з дырэктарам Палаца культуры Барані Аксанай Васілёнак была створана песня “Калі мой сон люляюць сосны”. Аршанская паэтка Настасся Сіяніна спецыяльна да Міжнароднага дня роднай мовы напісала песню, прэм’ера якой адбылася на святочным вечары. Сагрэлі сэрцы гасцей мерапрыемства пяшчотныя словы песень аршанскіх аўтараў-выканаўцаў Яўгеніі Казловай, Ларысы Кудраўцавай, Юрыя Пінчкоўскага, Юрыя Булгача, Тамары Краеўскай, вершы Дар’і Сакалоўскай. А колькі задору і аптымізму ў вершах паэткі Ганны Сасноўскай. Роднае слова, такое простае і зразумелае, знаходзіць водгук у кожнага. Лепшы доказ – шчырыя апладысменты, якія гучалі пасля кожнага выступлення.
Любоў да роднай мовы выказвалі не толькі прадстаўнікі старэйшага пакалення. Трапяткое, меладычнае, мілагучнае, звонкае, чыстае матчына слова, як самы каштоўны скарб, шануюць і маленькія беларусы. Уразіў прысутных артыстычнасцю і выдатнымі дэкламатарскімі здольнасцямі вучань гімназіі №2 Рыгор Пашкевіч. Дарэчы, талент юнага аршанца высока ацаніла журы рэспубліканскага конкурсу чытачоў у Мінску, дзе хлопчык заняў першае месца. Парадавала гасцей мерапрыемства і Дашанька Чуйко, якая прачытала верш У. Караткевіча “Чайка”.
(Продолжение статьи читайте в «Аршанскай газете» №24 за 2 марта 2013 года).
Марина СЕМаШКО.