“ТАЯМНІЦЫ МАЛОЙ РАДЗІМЫ”
У рамках рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” ў Віцебскай вобласці праводзіўся конкурс даследчых работ “Таямніцы малой Радзімы”. Прынялі ўдзел у даследчай працы і вучні Барздоўскай школы – адзінаццацікласнік Ілья Палячынскі і пяцікласніца Валерыя Палячынская.
Тэмай даследавання нашых вучняў сталі старажытныя паданні, якія склалі нашы продкі. Жылі яны на берагах ці паблізу невялікай рачулкі Крапівенка, што з’яўляецца прытокам сівога Дняпра. Падчас работы быў распрацаваны турыстычны маршрут і складзена карта-схема, на якой адзначаны найбольш цікавыя мясціны і звязаныя з імі паданні. Напрыклад, ёсць паданне пра лес каля вёскі Чурылава, які мясцовыя жыхары называюць Бараноўшчынай. У час работы ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Рэспублікі Беларусь знайшлі дакументальнае пацвярджэнне, што ў в. Чурылава знаходзіўся маёнтак пана Івана Васільевіча Бараноўскага, а лес побач з вёскай таксама належаў яму. У паданні гаворыцца, што пан Бараноўскі ў піліпаўскую ноч ехаў у госці да пана ў маёнтак Пугляі на конях, запрэжаных у санкі. Нечакана коні панеслі, спужаўшыся ваўкоў. Пан выпаў з саней у снег. Фурман сабраў у маёнтку прыгонных сялян і адправіўся разам з імі шукаць пана. На тым месцы, дзе пан зваліўся ў снег, знайшлі толькі яго боты, якія былі не па зубах ваўкам. З той пары лес і завецца Бараноўшчынай.
Даследчая праца юных гурткоўцаў прызнана лепшай на раённым конкурсе легенд і паданняў. Валерыя Палячынская прадстаўляла Аршанскі раён на абласным этапе конкурсу, заняла другое месца і прадстаўляла Віцебскую вобласць на заключным рэспубліканскім этапе на базе нацыянальнага дзіцячага лагера “Зубраня”, дзе стала лаўрэатам.
В. ПЯЧОНКІН,
кіраўнік гуртка.