НА П’ЕДЭСТАЛЕ ГОНАРУ
Уладзімір Пятровіч Савельеў (на здымку) – былы механізатар калгаса “Камінтэрн” (зараз СВК “Ларынаўка”), хоць і знаходзіцца на заслужаным адпачынку, з цікавасцю сочыць за тым, што адбываецца на палях сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва.
Як-ніяк, а ён аддаў яму лепшыя гады свайго жыцця. Працаваў на трактары з 1955 па 1990 гады, сеяў зерневыя, увосень садзіўся за штурвал камбайна “Колас”, потым працаваў на бульбаўборачнай тэхніцы, зімой вазіў на палі ўгнаенне.
Трэба адзначыць, што імя Уладзіміра Пятровіча на той час грымела не толькі на Аршаншчыне, ён быў адным з лепшых сельскіх працаўнікоў і ў вобласці, і ў рэспубліцы. “Гаспадар зямлі” – пад такім загалоўкам надрукаваны артыкул у абласной газеце “Віцебскі рабочы” аб аршанскім механізатары ў жніўні 1990 года. Такое прозвішча ён атрымаў невыпадкова. Гэта хлебароб, які не толькі прысвяціў усё жыццё справе, але і ведаў яе ў дасканаласці. Ён чалавек, які мае свае прынцыповыя пазіцыі, умее іх адстойваць і абараняць.
У. Савельеў адрозніваўся незвычайнай упартасцю, валодаў пачуццём годнасці, смела мог выступіць супраць безгаспадарчасці. Аднойчы ў разгар пасяўной кампаніі паставіў на абочыну трактар з сеялкай і сказаў, што не будзе сеяць, пакуль глеба на полі не будзе апрацавана як трэба. І толькі пасля таго, як патрабаванне было выканана, вывеў свой трактар у поле.
– Пакуль сею, – расказвае ветэран, – выведаю на полі кожнае няроўнае мястэчка, збяру буйныя камяні, каб увосень не натыкнуцца на іх і не паламаць камбайн. А перад тым, як пачаць жніво, абавязкова прайдуся ўздоўж хлебнай нівы, пагляджу, у якім напрамку выраслі каласы, каб зжаць жыта з найменшымі стратамі зерня. Еду на камбайне і абавязкова прыслухоўваюся. Па гуку вызначаю, калі машыну трэба спыняць, каб праверыць дзейнасць таго ці іншага вузла або механізма. Калі здаралася паломка, за дапамогай да рамонтнікаў не звяртаўся, сам выпраўляў становішча.
Акуратнасць у працы, павага да тэхнікі, незвычайная працавітасць заўсёды выводзілі Уладзіміра Савельева на перадавыя пазіцыі. Ён і больш за ўсіх намалочваў зерня, і менш за ўсіх прастойваў з-за паломак. Аб высокіх выніках працы хлебароба сведчаць сярэбраны медаль ВДНГ СССР за поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі, шматлікія Ганаровыя граматы, падзякі, узнагароды, галоўныя з якіх – ордэн Працоўнай Славы 3 ступені і медаль “За працоўную доблесць”.
– Я зорак з неба ніколі не хапаў, – прызнаецца былы хлебароб. – А да справы ставіўся з адказнасцю таму, што вельмі паважаў зямлю-матухну, ды і ў маёй сям’і раслі трое дзяцей. Іх трэба было накарміць і апрануць. Таму і стараўся, як усе вяскоўцы.
Трэба адзначыць, што механізатар не сядзеў без справы і зімой. Пяць рублёў каштаваў адзін рэйс за ўгнаеннем да Асінторфа, другі – на два рублі больш. Трактарыст рабіў па чатыры рэйсы, пераадольваючы штодзень па 200 кіламетраў.
Родам Уладзімір Савельеў з Дрыбінскага раёна. У 1955 годзе ён вучыўся ў Бабінічах у вучылішчы механізатараў. Малады хлопец добра граў на гармоніку, таму яго часта запрашалі на вечарынкі. На адной з такіх, у в. Ларынаўка, ён сустрэў сваю каханку – Веру. Маладыя амаль 10 гадоў жылі ў Дрыбіне, а ў 1969 годзе пераехалі на Аршаншчыну, пасяліліся ў доме, што застаўся ў спадчыну ад бацькоў Веры Ігнатаўне. Жывуць там і цяпер. На гэты час маюць ужо пяць унукаў і двух праўнукаў.
Вера Ігнатаўна Савельева таксама ўсё сваё жыцце аддала сельскай гаспадарцы, працавала ў калгасе даяркай, цялятніцай, аб цяжкіх буднях сялян ведае не па чутках.
– Мы з мужам працавалі не пакладаючы рук, – расказвае яна. – У час жніва рэдка бачыліся, бо Уладзімір працаваў у полі з раніцы да самага вечара. А яшчэ трымалі карову, парсюкоў, куранят. Азіраючыся назад, нават і не ведаю, як мы здолелі прайсці праз усе жыццёвыя выпрабаванні? Безумоўна, нам дапамагалі нашы дзеці, яны ў нас добрыя, самастойныя, працалюбівыя. Ды і перед вачыма ў іх заўсёды прыкладам быў бацька.
Трэба дадаць, што прыкладам Уладзімір Савельеў з’яўляецца не толькі для сваіх родных, але і для многіх вяскоўцаў, для ўсіх механізатараў, якія зараз працуюць у СВК “Ларынаўка” і падтрымліваюць слаўныя працоўныя традыцыі сваіх бацькоў.
Людміла МАРШАЛОВІЧ.
Фота аўтара.