ЗАСТАЎСЯ Ў ПАМЯЦІ

Сёлета споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Рыгора Ягоравіча Трутко. Гэтага чалавека ведалі і паважалі аршанскія гісторыкі, краязнаўцы, журналісты, ягоныя шматлікія вучні.

Інстытут ён закончыў напярэдадні вайны, якая парушыла ўсе жыццёвыя планы. Падчас адной з першых бамбёжак згарэў дом у Віцебску, дзе кватэравалася сям’я Трутко. Давялося вярнуцца ў Оршу, дзе жылі бацькі. Але і тут пабылі нядоўга. Каб пракарміць трох малых дзяцей, пасяліліся ў адной з вёсак на Сенненшчыне. Адсюль Рыгор Ягоравіч пайшоў у партызаны. Трапіў у атрад “Кастрычнік” 2-й Заслонаўскай брыгады. Быў разведчыкам, потым кулямётчыкам. Летам 1944 г., калі Савецкая армія вызваліла наш край, камандзір атрада І. М. Куцепаў загадаў Рыгору Ягоравічу: “Бяры дакументы, ідзі ў Оршу. Трэба наладжваць мірнае жыццё, аднаўляць школы”. Ды і сваіх дзяцей трэба было гадаваць. Р. Трутко ўспамінаў: “Прыйшло нас у Оршу восем былых партызанаў. Старшыня часовага гарсавета Г. В. Пяткевіч назначыў мяне дырэктарам 5-й школы. У гэты час там месціўся і ваенны шпіталь”.

Сталі прыбываць у школу і настаўнікі, і вучні. Цяжка прыходзілася маладому дырэктару. Але ўсё ж такі ў першы год адрамантавалі першы паверх, у наступныя – другі і трэці. З 1954 г. і да выхаду на пенсію ў 1972 г. Трутко працаваў у СШ №8. Дарэчы, сярод ягоных вучняў 5-й школы, а потым калегам у 8-й быў славуты пісьменнік Уладзімір Караткевіч.

Займацца краязнаўствам пачаў Рыгор Ягоравіч амаль што адразу пасля вайны. Тады ж пачаў збіраць манеты. Дарэчы, менавіта ён у 1966 г. перадаў у Miнск манетны скарб, знойдзены ў Задняпроўі.

Адным з першых Р. Трутко пачаў ставіць перад уладамі і грамадскасцю горада пытанне аб зберажэнні гісторыка-культурнай спадчыны Оршы. Тады ж стаў Рыгор Ягоравіч і пазаштатным карэспандэнтам “Ленінскага прызыву”. Так, яшчэ ў 1956 г. у аршанскай газеце быў надрукаваны ягоны артыкул “Зберагчы помнікі старажытнасці”. Р. Трутко гаварыў пра неабходнасць захавання культавых пабудоў Оршы – царквы Ражаства Багародзіцы, Пакроўскага і Куцеінскага Богаяўленскага манастыроў, касцёлаў Святога Язэпа і Святога Антонія. Яны, як вядома, тады не функцыяніравалі, былі часткова разбураны. У хрушчоўскія часы, калі зацята змагаліся з рэлігіяй і царквою, каб гаварыць у голас пра гэта, трэба было быць не толькі неабыякавым чалавекам, але і мець грамадзянскую мужнасць. Многа разоў падымаў Рыгор Ягоравіч, у тым ліку і на старонках “раёнкі”, і пытанне аб адкрыцці ў горадзе краязнаўчага музея. Нарэшце, гэта дало плён – у маі 1958 г. была арганізавана ініцыятыўная група па стварэнні музея, якую і ўзначаліў Р. Трутко. І ўжо 5 кастрычніка ён паведамляе чытачам “Ленінскага прызыву”, што ў будучы музей перададзены першыя экспанаты. Шмат тады сабралі цікавых старадаўніх рэчаў, але, на жаль, пытанне з адкрыццём музея заставалася невырашаным аж да канца 1980-х гадоў. Таму найбольш каштоўныя экспанаты апынуліся ў музеях Мінска. Тым не менш, да апошніх гадоў жыцця Рыгор Ягоравіч не губляў сувязі з музеем гісторыі і культуры Оршы.

Сярод былых вучняў Р. Трутко – выдатныя гісторыкі і краязнаўцы Ігар Яршоў і Рыгор Шарай.

Шмат пакут і выпрабаванняў выпала на долю Р. Я. Трутко за яго доўгае жыццё (не дажыў некалькі месяцаў да 90-годдзя, бо, калі ехаў на веласіпедзе(!), быў збіты машынай). А яно было доўгім і таму, што Рыгор Ягоравіч заўсёды быў у працы: і разумовай, і фізічнай, заўсёды знаходзіўся ў гушчы людзей, жыў іх радасцямі і турботамі. Выхаваў аж семярых дзяцей! Меў некалькі дзясяткаў унукаў і праўнукаў.

Ён быў надзвычай добразычлівым, таварыскім, з вялікім пачуццём гумару чалавекам.

Памяць пра выдатных людзей захоўваецца ў назвах вуліц і плошчаў, кнігах і кінафільмах. Памяць пра Рыгора Ягоравіча Трутко, партызана Вялікай Айчыннай, актыўнага ўдзельніка аднаўлення Оршы, выдатніка асветы Беларусі, цудоўнага настаўніка і краязнаўцы надоўга захаваецца ў добрай памяці аршанцаў. I гэта, здаецца, галоўнае.

В. ЛЮТЫНСКІ,

выкладчык Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа, краязнаўца.

НА ЗДЫМКУ: Р. Я. Трутко за апрацоўкай біўня маманта. Фота 1971 г.

Добавить комментарий