ВІТАМІНЫ ДА ВАШАГА СТАЛА
Прайшоў амаль год, калі Прэзідэнт Республікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падчас рабочага візіту ў Аршанскі раён наведваў філіял “Цяплічны” РУП “Віцебскэнерга”. Тады кіраўніком дзяржавы былі дадзены канкрэтныя даручэнні. Як вядзецца работа ў гэтым накірунку, чытачам нашай газеты сёння раскажа дырэктар камбіната Павел Фаміноў. На гэту пасаду Павел Мікалаевіч прызначаны толькі ў верасні мінулага года, але за гэты час на прадпрыемстве адбыліся прыемныя змены, назіраецца станоўчая дынаміка развіцця, але самае галоўнае – тут не толькі будуюць сур’ёзныя планы на перспектыву, але і ведаюць, як іх ператварыць у рэальнае жыццё.
– У сярэднім прадпрыемства вырабляе каля сямі тысяч тон агародніны ў год, – расказвае Павел Фаміноў. – Гэта дазваляе цалкам забяспечваць вітаміннай прадукцыяй жыхароў Оршы і Аршанскага раёна. Таксама ёсць у нас дзве аптовыя базы, сервавы ўчастак, шэсць фірменных магазінаў, 17 кіёскаў для продажу нашай прадукцыі, а таксама кафетэрый, які размешчаны ў магазіне “Пошук”, што знаходзіцца ў раёне “Раніца” ў Оршы.
У гэтым годзе пачалі мадэрнізацыю сховішчаў. У перспектыве яны будуць абсталяваны сістэмай падтрымкі мікраклімату і сучаснымі халадзільнымі камерамі. Неабходна нам пабудаваць і новыя энергазберагаючыя цяпліцы, дзе можна было б вырошчваць найноўшыя айчынныя гатункі гуркоў, таматаў, капусты, морквы і г.д. і атрымліваць у перспектыве багаты ўраджай гэтых культур. На мадэрнізаваных гектарах думаем заняцца вырошчваннем садавіны і кветак. А пакуль зарабляем грошы на набыццё тэхнікі для ўборкі і апрацоўкі буракоў і морквы. Ужо сёлета плануем “абкатаць” на практыцы вырошчванне гародніны па новых галандскіх тэхналогіях. Калі яны паспяхова прыжывуцца, мы зможам атрымліваць ураджай гуркоў ужо ў снежні, таматаў – у сакавіку-красавіку, а зялёных культур – на працягу ўсяго года.
Па словах Паўла Мікалаевіча, у бліжэйшай перспектыве чакаюцца змены і на кансервавым участку, дзе зараз перапрацоўваецца больш за 100 тон уласнай прадукцыі. Так, калі сёння тут займаюцца кансерваваннем і марынаваннем агародніны, вытворчасцю таматнага і бярозавага сокаў, то праз год-другі філіял “Цяплічны” значна пашырыць асартымент такой прадукцыі і будзе арыентаваны на вытворчасць прадукцыі ў новай шкляной тары “Еўра-твіст” вагой адзін кілаграм.
На маё пытанне, у чым сакрэт поспеху, дырэктар Павел Фаміноў з упэўненасцю адказвае: “У жаданні працаваць і рабіць сваю справу так, каб яна прыносіла асалоду не толькі табе, але і была на карысць людзям”.
Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.