БЕЗ ПЯЦІ ХВІЛІН СТАГОДДЗЕ
Не кожнае перыядычнае выданне можа пахваліцца такой доўгай гісторыяй, якая захоўвае слаўныя традыцыі, знакамітыя імёны. Наша газета прайшла доўгі нялёгкі шлях, сем разоў мяняла назву, але адно заставалася нязменным: журналісты “Аршанкі” заўсёды працавалі для сваіх любімых чытачоў.
Сімвалічна, што святкаванне юбілею “Аршанскай газеты” супала са святкаваннем юбілею роднага горада. На мінулым тыдні ў дзіцячай школе мастацтваў №1 адбыўся ўрачысты вечар, прысвечаны 95-годдзю нашай газеты. Павіншаваць любімае выданне прыйшлі шматлікія госці: начальнік упраўлення ідэалагічнай работы Віцебскага аблвыканкама А. Кліцуноў, заснавальнікі газеты, калегі з Мінска, Чашнікаў, Дуброўна, былыя супрацоўнікі, ветэраны рэдакцыі, пазаштатныя аўтары, аддадзеныя чытачы. Шмат добрых слоў прагучала ў той чэрвеньскі вечар. Ад шчырых віншаванняў сэрца кожнага прысутнага білася ўсё часцей ад гордасці за любімую газету.
Чым сёння жыве калектыў рэдакцыі, госці ўрачыстага вечара даведаліся з дакументальнага фільма, які зняў Эдуард Навагонскі. Зарад бадзёрасці і добры настрой прысутным падарылі творчыя калектывы гарадскога Палаца культуры і Вусцянскага ДК.
Удзельнікі і госці свята змаглі прайсці шляхам ад “Ленінскага прызыву” да “Аршанскай газеты” падчас выстаўкі рэтра-фотаздымкаў і архіва газеты, якую арганізавалі супрацоўнікі музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны. Тут можна было ўбачыць пажаўцелы ад часу нумар “Ленінскага прызыву” часоў Вялікай Айчыннай вайны, паглядзець, якія тэмы хвалявалі журналістаў, пра што размаўляла газета са сваімі чытачамі ў тыя далёкія гады. Хтосьці са здзіўленнем пазнаваў на чорна-белых здымках сябе ці знаёмых…
А ў першы дзень ліпеня на сцэне ля калегіума іезуітаў аршанцаў чакала канцэртная праграмма, прысвечаная 95-годдзю “Аршанскай газеты”, якая сабрала шматлікіх чытачоў і падпісчыкаў. Сапраўды, юбілей галоўнага выдання нашага горада – свята для ўсіх жыхароў.
Марына СЯМАШКА.
Фота аўтара і Н. ТУРОК.