УЗДОЎЖ БЛАКІТНАЙ СТУЖКІ МАГУТНАГА ДНЯПРА

Ільінская царква.

За сваю амаль тысячагадовую гісторыю наш горад на Дняпры стаў сведкам розных гістарычных падзей. Гасцей Оршы чакае цікавае знаёмства з горадам-працаўніком, горадам-воінам, горадам-патрыётам. Той, хто пабывае тут, пройдзе па прыгожых зялёных скверах, парках, вуліцах і плошчах. Старажытныя пабудовы мірна суседнічаюць з сучаснымі. Бліскучая блакітная стужка магутнага Дняпра ажыўляе мяккі лірычны краявід. У горадзе беражліва захоўваецца памяць пра даўно мінулыя справы, пра тых, хто праслаўляў малую Радзіму. Давайце пройдземся па роднай Оршы.

Сваю вандроўку мы пачынаем там, дзе зліваюцца Аршыца з Дняпром. Менавіта на гэтым узвышшы і ўзнік наш горад, першы ўспамін аб якім датуецца 1067 годам. Калісьці тут, як расказвае легенда, князь, па прозвішчы Орша, пабудаваў вялізны замак. Мноствам паданняў ён авеяны, але што з іх праўда, а што – не, невядома нікому. Фактычна ж замак вытрымаў шматлікія асады, неаднаразова разбураўся, але рамантаваўся і адбудоўваўся зноў. А як жа інакш? Замак быў важным фарпостам на ўсходніх межах для Полацкага княства, пазней Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай.

Этнаграфічны музей “Млын”.

Каменнаму будынку былога млына ўжо 110 гадоў. У далёкім 1902 г. гэты млын меў вадзяны рухавік магутнасцю ў 50 конскіх сіл і быў адным з буйнейшых у Магілёўскай губерніі. З 1995 года гэты каштоўны помнік прамысловай архітэктуры Оршы пачатку ХХ ст. стаў этнаграфічным музеем “Млын”.

У 2008 годзе была завершана рэстаўрацыя будынка калегіума іезуітаў. Канцлер ВКЛ Леў Сапега ў 1590 г. купіў зямельны ўчастак у цэнтры горада, на якім пабудаваў першы ў Оршы каталіцкі касцёл. У 1612 г. тут быў адчынены іезуіцкі калегіум. Няпросты лёс чакаў гэтую ўстанову, але сёння яна атрымала свой першапачатковы выгляд помніка архітэктуры ХVII стагоддзя. Дарэчы, у калегіуме рабіў прыпынак Напалеон падчас адступлення з Расіі ў лістападзе 1812 года. Тут жа французскі імператар прымаў са справаздачай інтэнданта Вялікай арміі Анры Бейля (Стэндаля).

Ідзём праз Гарадскі парк да Памятнага знака воінам-вызваліцелям, што размешчаны насупраць гасцініцы “Орша”. У 1984 г. наш горад за мужнасць і стойкасць, якую праявілі працоўныя ў гады самай жорсткай вайны, атрымаў ордэн Айчыннай вайны І ступені. Такую высокую ўзнагароду атрымалі яшчэ тры гарады: Мінск, Барысаў, Ліда.

Памятны знак на гарадзішчы ў гонар заснавання Оршы.

На высокім дняпроўскім беразе сёння раскінуўся Дзіцячы парк. Ён быў пабудаваны падчас падрыхтоўкі да фестывалю “Дажынкі-2008”. Тут заўсёды шматлюдна. Парк прываблівае аршанцаў і гасцей горада не толькі атракцыёнамі, але і ўтульнасцю, чысцінёй.

На другім беразе магутнай ракі – мемарыял “За нашу савецкую Радзіму” (“Кацюша”). Сімвал гераічнай барацьбы нашага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны, комплекс быў створаны ў 1966 г. у гонар першага залпа гвардзейскіх рэактыўных мінамётаў. Але сапраўднае месца першага залпа “Кацюш” знаходзіцца ў лесе ля в. Пішчалава. Там таксама ўзведзены невялікі абеліск.

Ідзем далей уздоўж блакітнай дняпрўскай стужкі. Калісьці наш горад называлі беларускім Суздалем: у Оршы дзейнічалі 11 манастыроў. Старажытная легенда распавядае, што ў 1460 г. польскі кароль Казімір у знак падзякі лёсу і Богу за тое, што Ён захаваў жыццё яго супругі, пабудаваў цудоўны драўляны Ільінскі храм. Сённяшні каменны будынак царквы вядзе сваю гісторыю з 1880 г. Гэты помнік архітэктуры ХІХ стагоддзя – сапраўднае ўпрыгажэнне старажытнага горада на Дняпры.

Орша – радзіма першага беларускага буквара і аўтара “Дзікага палявання караля Стаха”, першага залпа “Кацюш”… Горад старажытны, але і вечна малады. Горад, у які хочацца вяртацца з далёкіх вандровак. Горад-квітнеючы сад, яркае полымя любві да цябе назаўжды ў нашых сэрцах!

Марына СЯМАШКА.

Добавить комментарий