Вялікія майстры матчынага слова

…Так і крочылі яны па жыцці. Якуб ды Янка. Якуб – ад зямлі, нават псеўданімам сабе ўзяў каласок як сімвал народнага дабрабыту. Янка ж, яго сябра-рамантык, напрыклад, сваім дзіцячым вершам “Хлопчык і лётчык” здолеў сягнуць высока ў неба Бацькаўшчыны. Ды і псеўданім узяў у гонар самага яркага свята народнага летняга календара – Купалля з яго загадкавай папараць-кветкай…

Якуб Колас – з маленства мой любімы пісьменнік і духоўны настаўнік. Дзякуючы класіку айчыннага мастацтва і яго герою Андрэю Лабановічу з аўтабіяграфічнай трылогіі “На ростанях” я і абраў пачэсную прафесію педагога.

Свой першы апублікаваны верш Я. Колас назваў “Наш родны край”: ужо з першых крокаў ён вызначыў асноўным у сваёй творчасці служэнне Бацькаўшчыне і яе народу.

Творчасць Янкі Купалы – глыбока праўдзівы летапіс жыцця беларускага народа, выразны адбітак нацыянальнага характару, народнага светаразумення і паэтычнага светаўспрымання. Непаўторнае хараство яго лірыцы надае арганічнае зліццё лірызму і рамантычнай незвычайнасці светаўспрымання з традыцыямі айчыннага фальклору – паэтыкай беларускай народнай песні, з каларытам беларускіх легенд, паданняў, казак.

Купала і Колас сталі заснавальнікамі сучаснай беларускай літаратуры і беларускай літаратурнай мовы. Творы знакамітых класікаў, на шчасце, не страцілі сваёй актуальнасці і ў ХХІ стагоддзі.

Янка Купала і Якуб Колас – гэтыя імёны ў нашым уяўленні заўсёды побач. Мы гаворым: Янка Купала – і працягваем: Якуб Колас. Класік украінскай літаратуры Паўло Тычына нездарма параўноўваў Купалу і Коласа з дзвюма вяршынямі “беларускага Эльбруса паэзіі”. Гэтыя класікі – сапраўдны пачатак усіх пачаткаў у беларускай культуры, літаратуры і мастацтве. Яны не толькі знакавая з’ява, якая красамоўна сведчыць аб вяршынях нацыянальнай творчасці, але і яскравае выяўленне народнага духу, мастацкі ўзор, высокі прыклад, на які не можа не арыентавацца ўся наша нацыянальная культура і мастацкая літаратура, родная мова. Відавочнай і пераканальнай з’яўляецца “вечная сучаснасць” і Купалы, і Коласа.

Сябры! У пачэсны для беларускай нацыі Год кнігі перачытайце бессмяротныя творы Якуба Коласа – паэмы “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, трылогію “На ростанях”. Разгарніце ў вольны час старонкі неўміручых твораў Янкі Купалы – яго вершы, паэмы “Курган”, “Бандароўна”, “Яна і я” і інш.

І я ўпэўнены: душы вашы стануць прыгажэйшымі, у сэрцы вашы ўвальецца любоў да Бацькаўшчыны і яе таленавітага народа. Вы адразу ўсвядоміце, што беларускасць – не пусты гук… Хопіць ужо нам браць за прыклад заморскае, у нас, беларусаў, ёсць сваё – добрае і людское, прыгожае і ўнікальнае! Гэтаму і вучылі і працягваюць вучыць многія пакаленні беларусаў Вялікія Майстры матчынага слова, свядомыя сыны Беларусі – Якуб ды Янка. Янка ды Якуб!

К. КАРНЯЛЮК,

педагог.

Добавить комментарий