Развітальны званок
…прагучаў учора для 655 выпускнікоў города, а для больш за 12 тысяч вучняў школ скончыўся чарговы навучальны год. Асабліва хвалюючым свята апошняга званка стала для сёлетніх адзінаццацікласнікаў, якія стаяць на парозе дарослага жыцця. Наперадзе кожнага з іх чакае шмат цікавага, нязгаданага, неспазнанага, але ўсё роўна ў сэрцах назаўжды застануцца ўспаміны пра першую настаўніцу і школьных сяброў, поспехі і няўдачы, гумарыстычныя моманты, перажытыя разам з аднакласнікамі…
У сярэдняй школе №2 сёлета 48 выпускнікоў, трое з іх з’яўляюцца прэтэндэнтамі на атэстат асаблівага ўзору. З завяршэннем навучальнага года іх і ўсіх вучняў школы, а таксама педагогаў і бацькоў падчас урачыстай лінейкі павіншавалі дырэктар навучальнай установы Іван Макавецкі, ад імя старшыні гарвыканкама Мікалая Лісоўскага і адміністрацыі горада – начальнік аддзела культуры Ганна Святлова, ганаровы грамадзянін горада Оршы Анатоль Міласэрны і іншыя. Таксама былі ўручаны граматы і падзякі навучэнцам за разнастайныя дасягненні, а некаторым бацькам – за дзейсную дапамогу школе.
А ў другой палове дня выпускнікі СШ №2 прынялі ўдзел у вялікім гарадскім свяце “Віват, выпускнікі-2012!”, якое стала ўжо традыцыйным. Больш падрабязна аб гэтым мерапрыемстве вы, шаноўныя аршанцы, зможаце прачытаць у наступным нумары “АГ”.
Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.
НА ЗДЫМКУ: выпускнікі 11 “А” класа СШ №2 з класным кіраўніком В. Дзмітрыевай.